рака ў ЗША, левы прыток р. Місісіпі. Утвараецца пры зліцці рэк Дэс-Плейнс і Канкакі; ч.Ілінойскага воднага шляху. Даўж. 437 км, ад вытоку р. Канкакі 653 км, пл.бас. каля 75 тыс.км². Цячэ па Цэнтральных раўнінах. Веснавыя паводкі, летне-асенняя межань. Сярэдні гадавы расход вады каля 800 м³/с. У верхнім цячэнні злучана суднаходнымі каналамі з воз. Мічыган (каля г. Чыкага) і р. Місісіпі (каля г. Рок-Айлепд). Суднаходная, шлюзаваная, вышэй г. Ла-Сал каналізаваная. На І. — г. Пеорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХА́,
рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс.км². Пачынаецца ва ўсх.ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер. — пач.кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Laspeyresia pomonella),
матыль сямейства ліставёртак, шкоднік грушы. Пашыраны ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Еўрап.ч., на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі асабліва шкодзіць пладам грушы летне-асенніх тэрмінаў выспявання. Пашкоджаныя плады хутка загніваюць.
Крылы ў размаху 16—21 мм, цёмна-шэрыя з папярочнымі палосамі. Вусені даўж. 16—18 мм, белыя, з светла-бурай галавой. За год развіваецца 1 пакаленне. Зімуюць вусені ў коканах у дзярніне або верхнім слоі глебы. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення грушы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені кормяцца мякаццю і насеннем пладоў, у жніўні выходзяць з пладоў у глебу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
заканамерныя перыядычныя змены стану воднага аб’екта, абумоўленыя кліматычнымі і інш. прыроднымі ўмовамі басейна. Праяўляецца як шматгадовыя, сезонныя і сутачныя ваганні элементаў гідралагічнага рэжыму — узроўню, расходу (сцёку) і т-ры вады, лядовых з’яў (гл.Лядовы рэжым), колькасці і складу наносаў, хім. саставу і канцэнтрацыі раствораных рэчываў і гідрабіял. элементаў, змяненняў рэчышча і інш. Рэжым узроўняў і аб’ёмаў вады звычайна наз.водным рэжымам. Назіранні за гідралагічным рэжымам вядуць на гідралагічных пастах і станцыях. Натуральны рэжым значна парушаецца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На тэр. Беларусі характарыстыкі гідралагічнага рэжыму вагаюцца па сезонах года, найб. ад веснавога разводдзя да летне-асенняй і зімовай межані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛІЯ (Monilia),
род недасканалых грыбоў сям. маніліевых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды: М. пладовая (M. fructigena) — узбуджальнік пладовай гнілі семечкавых і костачкавых пладовых парод, М. шэрая (M. cinerea) — выклікае вясной маніліяльны апёк (маніліёз) у выглядзе засыхання кветак, лісця і парасткаў, а ў летне-асенні перыяд — паяўленне шэрай гнілі на пладах.
Міцэлій грыба пранізвае пашкоджаныя органы. Аднаклетачныя канідыі фарміруюцца на канідыяносцах, размешчаных групамі накшталт шаравата-бурага налёту або даволі шчыльных падушачак, раскіданых ці ў канцэнтрычных кругах. Зімуе ў пашкоджаных органах і муміфікаваных сухіх пладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮЛЕРЫЁЗ,
інвазійная хвароба авечак, коз і некат. дзікіх жвачных жывёл (ласі, казулі, алені, лані, муфлоны, сарны і інш.), якая выклікаецца воласападобнай нематодай Мюлера, што паразітуе ў лёгкіх. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі, часцей у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры заглынанні з травой інвазійных лічынак нематоды (разам з малюскамі — прамежкавымі гаспадарамі або пасля выхаду з іх), якія з цёкам лімфы і крыві заносяцца ў лёгкія, выспяваюць і адкладваюць яйцы. З яец выходзяць лічынкі, заглынаюцца з макротай і выдаляюцца з фекаліямі. Цячэнне часцей хранічнае. Развіваюцца бранхіты, бронхапнеўманія (часам з ацёкам), схудненне, маладняк адстае ў росце і развіцці. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,
пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭ́НТНЫ ПЕРЫ́ЯД, скрыты перыяд,
1)у фізіялогіі — час ад моманту ўздзеяння на арганізм, орган, клетку раздражняльніка да праяўлення рэакцыі ў адказ. Працягласць Л.п. залежыць ад філагенет. і індывід. развіцця арганізма, яго функцыян. стану, складанасці рэакцыі і хуткасці працэсаў у цэнтр. і перыферычных звеннях нерв. сістэмы. Устанаўленне Л.п. мае значэнне ў медыцыне (вызначэнне функцыі здаровага і хворага арганізма), псіхалогіі.
2) Л.п. цяжарнасці — часовая затрымка ў развіцці аплодненага яйца некат. млекакормячых. Напр., апладненне ў барсука адбываецца ў летне-асенні перыяд, а паскоранае развіццё яйцаклеткі — у канцы зімы, таму цяжарнасць працягваецца 9 і болей месяцаў.
3) У медыцыне — першапачатковы скрыты перыяд хваробы, які знешне не праяўляецца; тое, што інкубацыйны перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЛІВА, зяблевае ворыва,
летне-асенняя апрацоўка глебы пад сяўбу яравых с.-г. культур наступнага года. Праводзіцца з мэтай назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб с.-г. культур. Тэхналогія З. вызначаецца тыпам глебы, узроўнем яе акультурвання, эрадзіравання, папярэднімі і наступнымі культурамі і інш. З прыёмаў З. найб. пашыраны плужнае адвальнае з перадплужнікам ці безадвальнае ўзворванне, радзей пласкарэзная, шматслойная ярусная апрацоўка і глыбокае ўзворванне. Пасля збожжавых культур зяблеваму ворыву папярэднічае лушчэнне ці дыскаванне ржышча за 2—3 тыдні; пасля прапашных, шматгадовых траў і інш. культур З. праводзіцца без лушчэння. З. дапаўняецца ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, вапнаваннем, рыхленнем падворыўных слаёў, глебапаглыбленнем і проціэразійнымі аграпрыёмамі. На Беларусі найб. эфектыўнае ранняе З. (жнівень — пач. верасня).