ЛАЎРЭНЦІ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Lawrentian Upland). На ПнУ Паўн. Амерыкі, у Канадзе і часткова ў ЗША. Мяжуе на ПдУ з Апалачскімі ўзв., на Пд з Цэнтральнымі раўнінамі, на ПдЗ з Вялікімі раўнінамі, на 3 з нізінай Макензі, на Пн з нізінай Гудзонава заліва. На Пн і ПнУ абмываецца Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі. Пл. каля 5 млн. км2. Азёрна-ўзгорысты рэльеф. Пераважаюць выш. 200—400 м; усх. ч. (п-аў Лабрадор) больш прыўзнятая (600—700 м); на паўн.-ўсх. узбярэжжы — горы Торнгат (выш. да 1676 м). Л.ў. складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, дыярытаў. Радовішчы нікелю (Садберы), жалезных і медных руд, золата, урану і інш. Захаваліся паясы друмлінаў і озавыя грады.. Густая рачная сетка, шматлікія азёры. Клімат умераны і субарктычны. Зіма працяглая са снегападамі, лета кароткае халоднае. Шматгадовая мерзлата. З Пн на Пд змяняюцца зоны тундры, лесатундры і тайгі. Для тундравай зоны (паўн. трэцяя ч.) характэрны мохава-лішайнікавыя, асаковыя, хмызняковыя (карлікавая бяроза, багульнік і інш.) раслінныя асацыяцыі на тундра-глеевых і балотных глебах. Лесатундра з рэдкастойнымі лясамі з чорнай елкі, бальзамічнай піхты і інш. Пашырана лістоўніца. На Пд таежныя хвойныя лясы. Жывёльны свет тундры: паўн. алень (карыбу), пясец, лемінг, палярны воўк, палярная курапатка, палярная сава; у тайзе — лось, лясны алень, чорны мядзведзь, куніца, скунс, бобр, норка, андатра і інш.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАТУ́НДРАВАЯ ЗО́НА,

прыродная зона сушы субарктычнага пояса Паўн. паўшар’я з перавагай тундравых і лясных ландшафтаў. Цягнецца ад тундравай зоны на Пн Еўразіі і Амерыкі ў выглядзе паласы шыр. ад 30—50 да 300—400 км. Клімат субарктычны, суровы. Цёплы перыяд каля 4 месяцаў (чэрв. — верасень). Сярэднія т-ры ліп. ад 10 да 14 °C, студз. — ад -10 да -40 °C. Начныя замаразкі і снегапады магчымы на працягу ўсяго года. Ападкаў 200—400 мм за год, іх колькасць перавышае выпаральнасць. Большую ч. года ляжыць снегавое покрыва да 1 м. Шматгадовая мерзлата амаль на ўсёй тэрыторыі, што ў спалучэнні з нязначным выпарэннем прыводзіць у многіх раёнах да ўтварэння забалочанасці з фарміраваннем сфагнавых і ўзгорыстых тарфянікаў і ўзнікнення мярзлотных форм рэльефу (тэрмакарст). Шмат балот, азёр. Асн. тыпы глеб: глеева-падзолістыя, тарфяна-глеевыя, месцамі тарфяна-балотныя, якія характарызуюцца нязначнай магутнасцю і малой колькасцю арган. рэчыва. Расліннасць Л.з. Еўропы і Азіі — комплекс з рэдкалесся (бяроза, елка, хвоя, лістоўніца, піхта), тундраў (лішайнікі, сфагнавы мох, асака, падвей, журавіны, марошка, буякі) і злакава-разнатраўных лугоў у далінах рэк; у Паўн. Амерыцы пераважаюць рэдкалессі з елкі (белай, сітхінскай, чорнай) і амер. лістоўніцы. Жывёльны свет: паўн. алень, лось, буры мядзведзь, воўк, пясец, гарнастай, расамаха, лемінг, заяц-бяляк, палёўкі; у горных раёнах — пішчуха; у Сібіры — сурок і суслік. Разнастайная фауна птушак: палярная сава, белая курапатка, глушэц, рабчык, розныя віды гусей, качак, кулікоў, вераб’іных. У далінных лугах злакавыя і злакава-разнатраўныя травастоі, якія часта выкарыстоўваюцца як сенажаці. Развіты аленегадоўля і паляўнічы промысел, зверагадоўля, месцамі здабыча карысных выкапняў (на Пн Зах. Сібіры буйныя радовішчы прыроднага газу).

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),

у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн. км2.

З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс. км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т.л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн. ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.

Ландшафт Заходне-Сібірскай раўніны.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)