растворы, якія падтрымліваюць пастаяннае значэнне вадароднага паказчыка (pH), акісляльна-аднаўляльнага патэнцыялу ці інш. характарыстык пры змяненні саставу ці канцэнтрацыі. Найб. пашыраны водныя кіслотна-асноўныя буферныя растворы: растворы слабай к-ты ці асновы са сваёй соллю, напр. воцатнай к-ты CH3COOH і яе натрыевай солі CH3COONa. Значэнне pH гэтых раствораў амаль не мяняецца пры змяненні канцэнтрацыі яго кампанентаў або пры дабаўленні невял. колькасці моцнай к-ты ці шчолачы. Выкарыстоўваюцца ў хім. аналізе для правядзення рэакцый пры пэўных значэннях pH. Буферныя растворы адыгрываюць важную ролю ў жывых арганізмах (напр., у крыві пастаянства pH падтрымліваецца буферны раствор з карбанатаў і фасфатаў) і ў захаванні ўрадлівасці глебы (гл.Буфернасць глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАЗАМЕ́ННЫЯ ВА́ДКАСЦІ, кровазаменнікі,
фармакалагічныя, лекавыя сродкі, якія прызначаны для папаўнення дэфіцыту крыві ў арганізме. Выкарыстоўваюцца для рэканструкцыі і выканання фізіял. функцый крыві, атрымання самастойнага лекавага эфекту. Падзяляюцца на прыродныя і сінт.; гемадынамічныя (процішокавыя) — на аснове жэлаціны, крухмалу, плазмы і бялкоў крыві, сярэднемалекулярнага дэкстрану; гемарэалагічныя — на аснове крухмалу, нізкамалекулярнага дэкстрану; дэзінтаксікацыйныя — на аснове полівінілпіралідону, полівінілавага спірту; рэгулятары кіслотна-шчолачнага і водна-салявога стану — салявыя растворы, прэпараты на аснове шмататамных спіртоў, прэпараты і растворы глюкозы; вадкасці, якія павышаюць кісларод-транспартную функцыю крыві — прэпараты і растворы гемаглабіну, крыві і эрытрацытаў; поліфункцыянальныя, на аснове сярэднемалекулярнага дэкстрану — неарандэкс і рондферын (распрацаваны і вырабляюцца на Беларусі). Да К.в. адносяць таксама прэпараты для парэнтэральнага харчавання на аснове амінакіслот, прадуктаў гідролізу бялкоў плазмы крыві, растворы глюкозы, тлушчавыя эмульсіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТУШЫ́ЦЕЛЬ,
апарат для тушэння мясц. узгаранняў. Бываюць: пераносныя (да 20 кг), перасовачныя і стацыянарныя (больш за 25 кг); хім. пенныя, паветрана-пенныя, вуглекіслотныя, вадкасныя, хладонавыя (на аснове галаідаваных вуглевадародаў) і парашковыя.
Найб. пашыраны хім. пенныя вогнетушыцелі. Пена ў іх утвараецца ад рэакцыі паміж воднымі растворамі шчолачы і сернай кіслаты. Выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў гаручых вадкасцей і цвёрдых матэрыялаў. Вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі тушаць узгаранні электраўстановак, рухавікоў унутр. згарання, кнігасховішчаў, вадкаснымі — дрэнназмочвальных матэрыялаў (напр., бавоўны), хладонавымі — электраўстановак і тлеючых матэрыялаў, парашковымі — газаў, лёгкіх на загаранне вадкасцей, электраўстановак (да 380 В) пад напружаннем.
Вогнетушыцелі: а — вуглекіслотны (1 — вуглякіслы газ пад высокім ціскам, 2 — вентыль, 3 — шланг з раструбам для распырсквання кавалачкаў сухога лёду); б — кіслотна-шчолачны (1 — раствор бікарбанату натрыю, 2 — шкляная ампула з сернай кіслатой, 3 — сапло).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,
паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЛІЗ (ад грэч. katalysis разбурэнне),
змяненне скорасці хім. рэакцыі ці яе ўзбуджэнне пад уздзеяннем рэчываў (каталізатараў), якія прымаюць удзел у рэакцыі, але не ўваходзяць у састаў яе прадуктаў. У залежнасці ад таго, паскараецца ці запавольваецца рэакцыя, адрозніваюць К. дадатны і адмоўны. Звычайна тэрмін «К.» адносяць да працэсу паскарэння рэакцыі. Рэчывы, што запавольваюць хім. рэакцыю, наз.інгібітарамі хімічнымі. Паскарэнне рэакцыі пад уздзеяннем прадукту рэакцыі ці аднаго з прамежкавых рэчываў наз.аўтакаталізам. Усе каталітычныя рэакцыі — самаадвольныя працэсы (суправаджаюцца памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы).
Адрозніваюць гамагенны К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў адной фазе) і гетэрагенны (кантактавы) К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў розных фазах і маюць мяжу падзелу). Пры гамагенным К. каталізатар рэгенерыруецца ў канцы рэакцыі, а скорасць гамагенна-каталітычнай рэакцыі звычайна прапарцыянальная канцэнтрацыі каталізатара. Гетэрагенна-каталітычныя рэакцыі адбываюцца ў некалькі стадый: дыфузія кампанентаў да паверхні каталізатара, адсорбцыя і хім. пераўтварэнні на паверхні, дэсорбцыя і адваротная дыфузія прадуктаў рэакцыі, кожная з якіх можа лімітаваць скорасць каталітычнага працэсу. Паводле механізму каталітычныя працэсы падзяляюцца на электронныя (радыкальныя), абумоўленыя пераносам электронаў (акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі; напр., гідрагенізацыя) і іонныя (кіслотна-асноўныя; напр., крэкінг). Выкарыстоўваюць у хім. прам-сці (адносная доля каталітычных працэсаў складае 80—90%). Адыгрывае выключную ролю ў жывых арганізмах (гл.Біякаталіз).
Літ.:
Гейтс Б., Кетцир Дж., Шуйт Г. Химия каталитических процессов: Пер. с англ.М., 1981;
Боресков Г.К. Катализ: Вопр. теории и практики. Новосибирск, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОЎ,
вадкая тканка, што цыркулюе ў крывяноснай сістэме чалавека, пазваночных жывёл і некат. беспазваночных (напр., кольчатых чарвей); разнавіднасць злучальнай тканкі. Асн. функцыі К.: дыхальная, харчавальная, экстрэторная, гомеастатычная, рэгулятарная, тэрмарэгулятарная, ахоўная. К. падтрымлівае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма: пераносіць кісларод з лёгкіх у тканкі і вуглякіслы газ у адваротным кірунку, пажыўныя рэчывы, якія ўсмоктваліся кішэчнікам (глюкоза і інш.), — да тканак, прадукты абмену (мачавіна і інш.) — да органаў выдзялення; удзельнічае ў падтрыманні кіслотна-шчолачнай раўнавагі, водна-салявога абмену, пастаяннай т-ры цела; разносіць па арганізме біялагічна актыўныя рэчывы — гармоны; выконвае ахоўную функцыю (удзел лімфацытаў пры ўтварэнні антыцел, захоп і ператраўленне іншародных элементаў нейтрафіламі і манацытамі, утварэнне імі разам з тканкавымі макрафагамі ахоўнага бар’ера, гумаральная ахова ад інфекцыі лізацымам і інш. рэчывамі, удзел у згусанні крыві і спыненні крывацёку).
К. у чалавека складае 5—8% яго масы. У яе саставе вадкая частка — плазма (55%), у якой раствораны бялкі, тлушчы, тлушчападобныя рэчывы, вугляводы, мінер. солі, вітаміны, гармоны, газы і інш.; форменныя элементы (45%) — эрытрацыты (чырв. крывяныя цельцы), лейкацыты (белыя крывяныя цельцы) і крывяныя пласцінкі — трамбацыты. У дарослага чалавека ў 1 л К. ўтрымліваецца: 3,9—5∙1012 эрытрацытаў, 4—9∙109 лейкацытаў, 180—320∙109 трамбацытаў, 120—160 ггемаглабіну. Адноснае пастаянства колькасці форменных элементаў рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Гл. таксама Групы крыві.
Літ.:
Кассирский И.А., Алексее в Г.А. Клиническая гематология. 4 изд. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл.Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na+, K+, Ca2+, Mg2+, Cl−, , і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na+, Ca2+, Cl−, унутрыклетачная — K+, Mg2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca2+, Mg2+, Sr2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na+ і K+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).