КАЛА́ДЗЕ (Карло Раждзенавіч) (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),

грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз. прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.​Лукша, К.​Цвірка, В.​Шымук.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Верыко) (Вера Іўліянаўна; 6.10.1900, Кутаісі — 30.1.1987),

грузінская актрыса. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1979). Вучылася ў драм. студыях у Маскве і Тбілісі. Працавала ў Тбілісі ў груз. т-ры імя Руставелі (з 1920), з 1928 — у т-ры імя К.​Марджанішвілі. Актрыса вял. сцэн. культуры, яркай індывідуальнасці, развівала рамантычныя традыцыі груз. т-ра. Лепшыя ролі: Джавара («Выгнаннік» В.​Пшавелы), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.​Шылера), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра). Здымалася ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1952.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТАТЭ́ЛІ (сапр. Кутатэладзе) Аляксандр Мікалаевіч

(6.9.1897, г. Кутаісі, Грузія — 15.5.1982),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1920—25). Друкаваўся з 1924. Аўтар п’есы «Гадзюка Хірсэ» (1924), зб-каў «Вершы» (1937 і 1941), кн. навел «Байцы» (1942). Найб. буйны твор — раман-тэтралогія «Тварам у твар» (кн. 1—4, 1933—52, новая рэд. на рус. мове 1957—58) пра станаўленне сав. улады ў Грузіі. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Броўка.

Тв.:

Бел. пер. — Тварам у твар: Раман. Мн., 1936.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАР (Мікалай Якаўлевіч) (6.1.1865, г. Кутаісі, Грузія — 20.12.1934),

расійскі філолаг і археолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1912), АН СССР (1925), АН Беларусі (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1890), з 1900 праф. у ім. Даследаваў каўк. мовы [«Граматыка чанскай (лазскай) мовы з хрэстаматыяй і слоўнікам», 1910; «Граматыка старажытналітаратурнай грузінскай мовы», 1925], гісторыю, археалогію і этнаграфію Каўказа. Вывучыў і апублікаваў тэксты шэрагу стараж.-груз. і стараж.-арм. помнікаў. У 1920—30-я г. стварыў навукова неабгрунтаваную «яфетычную тэорыю» («новае вучэнне пра мову»), якая тым не менш дала імпульс распрацоўцы праблем сувязі развіцця навукі і грамадства.

Тв.:

Избр. работы. Т. 1—5. М.; Л., 1933—37.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗСКАЕ ЦА́РСТВА,

раннефеад. дзяржава ў Закаўказзі з цэнтрам у Кутаісі. У 780-я г. абх. князь Леон II узначаліў барацьбу Зах. Грузіі супраць Візантыі, дамогся поўнай незалежнасці яе зямель і прыняў тытул цара. У гэты час у Абхазскім царстве ўваходзіла таксама ч. Усх. Грузіі. Значна ўмацавалася ў 9 — 1-й пал. 10 ст. Пры царах Георгію (п. у 955) і Леоне III [955—967] паспяхова вяло барацьбу з Тао-Кларджэцкім і Кахецінскім царствамі за панаванне ў Грузіі. Аслабленне Абхазскага царства пры Дэметру [967—975] прывяло да першынства Тао-Кларджэты. У 975 Абхазскае царства ўвайшло ў склад аб’яднанай феад. Грузіі.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦАРЫ́ДЗЕ (Давід Васілевіч) (н. 2.5.1920, г. Кутаісі, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі пед. ін-т (1939). Удзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкуецца з 1947. У аповесці «У Ардышаўскім лесе» (1957), раманах «Дзе ты, Марынэ?» (1965), «Давер» (1968), «Бывайце, векавечныя лясы!» (1972), «Помнікі не абцяжарваюць зямлю» (1977), «Зялёны горад» (ч. 1, 1979) і інш. адлюстраваў гераічнае змаганне бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Нікіфаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — В Ордышевском лесу Партизанские рассказы. Тбилиси, 1962;

Прощайте, дремучие леса! М., 1975.

М.​В.​Няхай.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,

феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г. Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К, Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125),

грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял. значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),

грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.​Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.​Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІБЕ́ГАЎ (Іван Якаўлевіч) (сапр. Алібегянц Аганез Акопавіч; 3.12.1886, г. Кутаісі — 1941),

дзярж. і паліт. дзеяч Беларусі. З 1915 у Мінску, ствараў бальшавіцкія арг-цыі ў войсках Зах. фронту. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Мінскага Савета, з вер. 1917 старшыня Мінскага к-та РСДРП(б). На I і II Паўн.-Зах. абл. канферэнцыях РСДРП(б) выбраны нам. старшыні абл. к-та. З ліст. 1917 сакратар Прэзідыума Аблвыкамзаха, камісар працы Зах. вобласці. У 1918 нам. старшыні Паўн.-Зах. к-та РКП(б), адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі. Чл. ЦК КП(б)Б у 1918, ЦВК БССР у 1919. З 1919 у Наркамаце шляхоў зносін. У 1935—41 заг. кафедры, дэкан Маскоўскага ін-та гісторыі, філасофіі і л-ры. Загінуў у Вял. Айч. вайну ў баі пад Вязьмай.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)