купча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З пышнай густой кронай (пра дрэвы). Сасна расце на сухім грудку ля чыгуначнага пераезда. Купчастая, разгалістая, яна мала падобна да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары. Навуменка. Садоўнік, відаць, падстрыгаў дрэвы для хараства, каб яны раслі не гонкія, а купчастыя. Пальчэўскі.

2. Пакрыты купінамі; куп’істы. Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да сысці.

2. перан. Размяшчацца нахільна. Узгорак .. наводдалек .. сыходзіў у лагчыну. Чорны. Канюшына сыходзіла ў нізкі куп’істы поплаў з раскіданым статкам кароў. Лобан.

3. (з адмоўем «не»). Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., не пакідаць чаго‑н. (пра чалавека, жывёлу). Дзіця не сыходзіць з рук. // Пастаянна быць, аставацца дзе‑н. (пра прадметы). Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала. Колас. // Пастаянна быць бачным, не знікаць (пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад.). Лёгкая ўсмешка амаль не сыходзіла з .. твару [Ванды]. Марціновіч. Усміхаўся .. [бацька] так прыветна, што хораша станавілася на душы, але і тады ціхі сум не сыходзіў з яго твару. Чарнышэвіч. // Пастаянна быць накіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра вочы, погляд). Вочы .. [Рамана] не сыходзяць з бота. Чорны.

•••

Не сыходзіць з языка (думак) — увесь час быць, прысутнічаць у чыіх‑н. думках, упамінацца ў размовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)