ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

велічыня, якая характарызуе здольнасць дыэлектрыка палярызавацца ў знешнім эл. полі. Уваходзіць у Кулона закон як велічыня, што паказвае, у колькі разоў змяншаецца сіла ўзаемадзеяння эл. зарадаў пры пераносе іх з вакууму ў дыэлектрык пры нязменнай адлегласці паміж імі. Для ізатропных дыэлектрыкаў Д.п. ε вызначаецца адным лікам (ε—скаляр), для анізатропных — сукупнасцю лікаў (ε—тэнзар). Нараўне з Д.п. ўласцівасці дыэлектрыкаў апісваюць дыэлектрычнай успрыімлівасцю x, якая звязана з ёй суадносінамі: ε = x + 1.

Д.п. — адна з асн. характарыстык дыэлектрыка, вызначаецца механізмам яго палярызацыі і залежыць ад палярызаванасці часціц (атамаў, малекул, іонаў), што ўваходзяць у яго склад. У непалярных дыэлектрыках Д.п. слаба залежыць ад т-ры; у палярных — залежнасць істотная, асабліва для сегнетаэлектрыкаў. Найб. пашыраныя метады вымярэння Д.п. заснаваны на вымярэнні ёмістасці кандэнсатара, запоўненага даследаваным дыэлектрыкам. Для газаў Д.п. роўна 1,0001—1,006, для вадкасцей — 1,8—81, для сегнетаэлектрыкаў — да 50000.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГС СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь з асн. адзінкамі: даўжыні — сантыметр, масы — грам, часу — секунда. Абрэвіятура СГС утворана ад першых літар найменняў асн. адзінак.

Прыняга 1-м Кангрэсам электрыкаў (Парыж, 1881) у якасці сістэмы адзінак для механікі і электрадынамікі. Для эл.-магн. велічынь былі прыняты 2 сістэмы: эл. статычная СГСЭ (электрычная пастаянная E0 = 1, магнітная пастаянная μ0 = 1/с​2, с — скорасць святла ў вакууме) і эл.-магн. СГСМ (μ0 = 1, E0 = 1/с​2), заснаваныя на Кулона законе для ўзаемадзеяння эл. зарадаў і магн. полюсаў. У 2-й пал. 20 ст. найб. пашырэнне атрымала сіметрычная (змешаная) СГСЭ с.а., у якой магн. адзінкі роўныя адзінкам СГСМ, а эл. — адзінкам СГС (E0 = 1, μ0 = 1). Пасля шырокага ўкаранення Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ) СГС с.а. выкарыстоўваецца толькі ў тэарэт. фізіцы і астраноміі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Балсун.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)