адмаўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аднаўляць — адмовіць і адмаўляцца — адмовіцца. // Адмоўны адказ на просьбу, патрабаванне і пад. [Лінкевіч] уяўляў, што яго просьбу можа задаволіць старшыня, і таму зразумеў словы Шаманскага, як адмаўленне. Дуброўскі.

2. Непрызнанне чаго‑н. Сіла рамана [«Трэцяе пакаленне»] Кузьмы Чорнага ў адмаўленні старога і сцверджанні новага, у вялікай мастацкай праўдзе, з якой робіць гэта. Галавач.

3. Тое, што фактам свайго існавання адмаўляе, выключае магчымасць існавання чаго‑н. іншага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́ўнасць, ‑і, ж.

Пачуццё пакутлівага сумнення ў чыёй‑н. вернасці, падазрэнне ў каханні да каго‑н. другога. Так, была маладосць, вясёлая, шчаслівая, была радасць першага і адзінага кахання, боль разлукі, расчараванне, рэўнасць, пакуты. Шамякін. Увага Веры да няшчаснага Падацюка абудзіла ў Кузьмы самае неспакойнае пачуццё — рэўнасць. Дуброўскі. Аксіння не выцерпела і сказала .. [Азаркевічу] ўсю праўду пра хлопца, што ён ёй не падабаецца, але яна, каб выклікаць у Азаркевіча рэўнасць, з ім гуляла. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спады́спаду, прысл.

Знізу, з ніжняга боку. Памачыў [Тараска] пёрка ў тут і намазаў кошцы лапкі спадыспаду, самыя лапкі. Юрэвіч. Пад гарой вялізны камень, сівы ад моху і мокры спадыспаду. Асіпенка. // З-пад чаго‑н. Але вось спадыспаду я выцягнуў яшчэ адну кніжку — «Зямлю» Кузьмы Чорнага. Лобан. // перан. З самых глыбінь чаго‑н. Я сядзеў, успамінаў бацьку, і аднекуль з сярэдзіны, спадыспаду, з самай душы, лезла, кралася думка: майму бацьку ўсё ж будзе лягчэй, чым дзядзьку Яўмену. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (з эпасам і драмай), у якім адлюстроўваюцца перажыванні паэта, яго думкі, настроі, пачуцці (звычайна ў вершаванай форме). [Янка Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Эмацыянальны элемент у творах якога‑н. пісьменніка, мастака.

2. Сукупнасць твораў гэтага роду літаратуры. Лірыка Багдановіча. Лірыка М. Танка.

3. перан. Разм. Чуллівасць, перажыванні, настрой. Адна лірыка цяпер займала сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе? Колас.

[Ад грэч. lyrikē —які пяецца пад гукі ліры, чуллівы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРСТО́К Марына

(Марыя Мікітаўна; 15.4.1916, в. Наркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — чэрв. 1994),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1950). Скончыла БДУ (1945). Настаўнічала. У 1949—53 і 1959—78 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкавалася з 1934. Аўтар даследаванняў пра творчасць Я.Коласа, П.Глебкі, П.Броўкі, Я.Маўра, М.Танка, Г.Бураўкіна, кніг «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; 2-е выд. 1973), «Максім Багдановіч» (1961; 3-е выд. 1991). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966, 2-е выд. 1980) і інш. Пісала вершы.

Тв.:

Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі. Мн., 1973.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адбараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.

1. Скончыць барабаніць.

2. перан. Без старання, невыразна выканаць, прачытаць што‑н. Адбарабаніць верш. Адбарабаніць прамову.

3. Разм. Адслужыць, адпрацаваць доўгі час на якой‑н. малацікавай рабоце, службе. Іванаў дзед, Сымон Мурашка, быў калісьці «мікалаеўскім» салдатам. Дваццаць пяць год адбарабаніў. Брыль.

4. каго і без дап. Хутка прайсці, праехаць; завезці. [Майбарада:] — То трэба было і чакаць аўтобуса. Можа абышлося б і дзешавей. Або можна было і пехатою адбарабаніць. Скрыган. — Усё, што магу для цябе зрабіць, гэта сказаць вось Пятру Іванавічу, каб ён адбарабаніў цябе на гэтым газіку на пост да старога Кузьмы. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.

[Фр. tirade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’я́траны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’ятрыць.

2. у знач. прым. Які раз’ятрыўся; раз’юшаны. Раз’ятраны бык. □ [Селянін] пачаў расказваць, як чулі яны са свае вёскі гэты бой і як пасля туды наскочылі раз’ятраныя фашысты, пагражала спаліць да аднае хаты. Чыгрынаў. [Йонас] выбег з барака і кінуўся ўцякаць ад раз’ятранага Кузьмы, які імчаўся за ім. Броўка. // Які адлюстроўвае моцнае раздражненне, злосць. Раз’ятраны позірк. □ Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз’ятраныя. Лынькоў. // перан. Вельмі моцны; шалёны, неўтаймаваны. Захутаўшы ў каўнер галаву, Валя сядзела поруч з Васілём і моўчкі прыслухоўвалася, як шалее раз’ятраны вецер. Шашкоў.

3. у знач. прым. Моцна развярэджаны, раздражнёны, растрывожаны. Цішыня і раз’ятраны боль У зялёным лясным шпіталі. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца, зроблены з аднаго рэчыва, з аднаго куска; суцэльны. Вырабляюцца.. [вудзільны] з цэльнага і колатага бамбуку, сталёвых трубак. Матрунёнак. Калоны [будынка] — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».

2. Неразбаўлены, натуральны. Цэльнае малако.

3. перан. Які валодае ўнутраным адзінствам, прасякнуты ім. Каханне пачынаецца не ў дваццаць сем, а ў семнаццаць, яно самае моцнае, цэльнае, гэтае першае каханне... Навуменка. // Адзіны, непадзельны. Цэльнае ўражанне. □ Творчасць Кузьмы Чорнага не варта разбіваць на «раннюю» і «сталую». Яна цэльная і ў цэласці дае ўяўленне пра жыццё беларускага народа. Лужанін. // Закончаны, даведзены да канца. Па глыбіні псіхалагічнай характарыстыкі вобраз Данілы можна паставіць побач з вобразам Мірашнічэнкі. Ён такі ж цэльны, завершаны ва ўсіх сваіх рысах. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)