ненаві́сны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае нянавісць, агіду. Крыўдна было думаць, што дарагія твайму сэрцу мясціны ўжо топча жалезны бот ненавіснага акупанта. Паслядовіч. Шапацеў ненавісны халодны дождж. Васілеўская. // Які выражае нянавісць, поўны нянавісці. «А-а, праклятая!» — Аксіння бліснула на Акульку ненавісным позіркам і спынілася. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.

Разм. Тое, што і сум. Некалькі хвілін прыемна было адпачыць, а потым паступова находзіла нейкая неадольная сумота і нават крыўдна рабілася за сваё становішча. Кулакоўскі. Марына слухае ў сумоце, А ў думках ёй карціць адно. Колас. Нудныя дні насталі для яго [Ігнася]. Сумота. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абараня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Адбіваць напад праціўніка, ворага. Звычайна.. [янот] стараецца схавацца ў пару, але калі яго дагналі і ратунку няма, ён абараняецца мужна і заўзята. В. Вольскі. // Адстойваць свае інтарэсы, правы, погляды. Раптам зрабілася крыўдна, што на бюро.. [Андрэй] не абараняўся, як належыць камсамольскаму важаку. Асіпенка.

2. Зал. да абараняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паго́ршаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стаць, зрабіцца горшым; тое, што і пагоршыцца. Хвядосіха паглядзела на [рахункавода] так, як глядзяць на чалавека, без якога ўсякая справа не толькі што не пагоршае, а стане яшчэ нават лепшай. Кулакоўскі. [Даміра] — Дык што, я, выходзіць, пасля вайны пагоршаў, а не палепшаў. Нават крыўдна. Асіпенка. // безас. Стаць, зрабіцца горш. Хвораму пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

масцеравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які займаецца якім‑н. рамяством, мае кваліфікацыю рамесніка. [Каваль:] — Крыўдна стала, што так зневажаюць масцеравога чалавека. Кулакоўскі. [Алена:] — А я і рада, што мой паехаў [па цаліну]. Абагрэцца .. сярод масцеравых людзей. Алешка.

2. у знач. наз. масцеравы́, ‑ога, м. Уст. Рамеснік. Каго тут [на плошчы] толькі не было: гараджане, масцеравыя, гімназісты, рабочыя, афіцэры, сяляне з базараў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адча́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паддавацца адчаю, траціць надзею, падаць духам. [Багуцкі:] — А вы не адчайвайцеся, пан шэф. У вас такія заваёвы! Лынькоў. [Усевалад:] — Не, я не адчайваюся, ты ж бачыш. Толькі неяк крыўдна трохі — чаму такая несправядлівасць? Мне здаецца, будучыня — гэта перш за ўсё хараство. Скрыган.

2. Рашацца, адважвацца на што‑н. смелае, рызыкоўнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

катастро́фа, ‑ы, ж.

Раптоўнае вялікае бедства, падзея з трагічнымі вынікамі. Аўтамабільная катастрофа. Авіяцыйная катастрофа. □ — І вось тады, калі на моры здарылася з намі катастрофа, — працягваў Федзя, — мне было сорамна і крыўдна, да жудасці не хацелася гінуць такой бязглуздай, нікчэмнай смерцю. Каваль. // Значная змена, якая цягне за сабой рэзкі пералом у грамадскім або асабістым жыцці. Нацыянальная катастрофа. Сямейная катастрофа.

[Ад грэч. katastrophē — паварот; знішчэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

світа́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да світанку, які адбываецца ў час світанку. І мне крыўдна, Балюча бывае, Калі часам нахлебнік заўзяты Пах зямлі, Руні шум забывае Ды з пагардай глядзіць на аратых. Вось такога б, Як кажуць, за шкірку, Ды на поле, дае сеюць і косяць, — Пахадзі за касцамі ў «прыцірку», Пакупайся ў світанкавых росах. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задава́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑ай, ж.

Разм. Фанабэрысты, ганарысты чалавек; зазнайка. Раней яна, Паліна Фёдараўна, лічыла Вікторыю Аркадзеўну і ганарыстай, і задавакай, і ўсё гэта толькі праз тое, што яны не ведалі адна адну. Паслядовіч. [Валіку] стала крыўдна, што яго папраўляе дзяўчынка, ды яшчэ пры ўсіх. «Задавака ўсё ж яна. Выхваляецца, што многа ведае». Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усведамле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усведамляць — усвядоміць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. усведамляцца — усвядоміцца. Моўчкі ідуць.. [Аўгіня і Алеся] ад магілы, адна ў засмучэнні аб тым, што было, другая ў радасным усведамленне, што сапраўдны бацька яе — герой-партызан. Колас. Усведамленне сваіх памылак не лажылася ў галаву Юхневіча, не хацелася прызнаваць няправільнасць сваіх думак, і было крыху крыўдна, што ён, відаць, сапсаваў вячэру Андрэю. Савіцкі. Вараніцын сеў, горды ад усведамлення выкананага ім абавязку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)