КРЫЛО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (14.12.1902, с. Красны Яр Самарскай вобл., Расія — 31.8.1994),
бел. матэматык. Акад.АН Беларусі (1956), д-р фіз,матэм.н., праф. (1951). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928), дзе працаваў у 1933—56. З 1957 у Ін-це фізікі і матэматыкі, з 1959 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (у 1959—73 нам. дырэктара). Адначасова ў 1957—75 у БДУ. Навук. працы па выліч. матэматыцы, метадах лікавага інтэгравання і інтэгральных пераўтварэнняў. Распрацаваў метады набліжанага вылічэння шэрагу вызначаных і нявызначаных інтэгралаў, даследаваў набліжаныя інтэгральныя пераўтварэнні, спосабы паляпшэння збежнасці шэрагаў і паслядоўнасцей. Развіў метады, заснаваныя на алгебраічным і паказальным інтэрпаляванні. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Приближенные методы высшего анализа. 5 изд. М.; Л., 1962 (разам з Л.В.Кантаровічам);
Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;
Вычислительные методы высшей математики. Т. 1—2. Мн., 1972—75 (разам з У.В.Бабковым, П.І.Манастырным);
Вычислительные методы. Т. 1—2. М., 1976—77 (з імі ж);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ АКУ́СТЫКА,
галіна акустыкі, якая вывучае гукавыя ваганні і хвалі настолькі высокай інтэнсіўнасці, што ўзнікае ўзаемадзеянне паміж палямі гукавога і інш. паходжання.
Пры распаўсюджванні магутнага гукавога выпрамянення наглядаюцца скажэнне формы хвалі і ўзнікненне ўдарных хваль, змена спектра і ўзнікненне хваль камбінацыйных частот, дадатковае паглынанне і своеасаблівае насычэнне інтэнсіўнасці, прамянёвы ціск, акустычнае цячэнне вадкасцей і інш. Характэрная асаблівасць нелінейных эфектаў — іх залежнасць ад амплітуды хвалі. Для апісання гэтых з’яў Н.а. зыходзіць з нелінейных ураўн.механікі суцэльных асяроддзяў. Пры ўліку затухання хваль Н.а. карыстаецца вынікамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў і статыстычнай механікі. Пры мікраскапічным апісанні акустычныя хвалі і цеплаабмен разглядаюцца як розныя выяўленні аднаго працэсу (мех. ваганняў) і Н.а. зліваецца з малекулярнай і квантавай акустыкай, асабліва ў дыяпазоне ультрагукавых частот. Прыклады спецыфічных нелінейных эфектаў — ціск гукавога выпрамянення, акустычная кавітацыя. Узаемадзеянне акустычных і эл.-магн. хваль адначасова вывучаецца Н.а. і нелінейнай оптыкай.
Літ.:
Такер Дж., Рэмптон В. Гиперзвук в физике твердого тела: Пер. с англ.М., 1975;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Non coquus semper, cui longus culter adhaeret
Не заўсёды кухар той, у каго доўгі нож.
Не всегда повар тот, у кого длинный нож.
бел. Не ўсякі хворы, хто стогне. Не ўсе птушкі лётаюць. Каб голас быў ‒ і рыбка песню спела б.
рус. Не все те повара, у кого ножи длинные. Приметы в свете часто лгут: не всякий плут, кто видом худ (И. Крылов).
фр. Ce n’est pas la robe qui fait le médecin (Не платье/одежда делает врачом).
англ. It’s not the hood that makes the monk (Монаха делает не клобук).
нем. Es sind nicht alle Köche, die lange Messer tragen (Не все повара носят длинные ножи).
Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)
КРЫЛО́Ў (Іван Андрэевіч) (13.2.1769, паводле інш. звестак 1766 або 1768, Масква ? — 21.11.1844),
рускі байкапісец, драматург, журналіст. Чл.Рас. акадэміі (з 1811), ардынарны акад. Пецярбургскай АН (з 1841). З 1782 у Пецярбургу, выдаваў сатыр.час. «Почта духов» (1789), «Зритель» (1792, з П.Плавільшчыкавым і А.Клушыным), дзе змяшчаў свае сатыр. «пахвальныя прамовы», артыкулы, аповесці са з’едлівай крытыкай грамадскіх заган. У 1791 адзін з заснавальнікаў кнігавыдавецкай кампаніі «Крылоў з таварышы». У 1794—1805 жыў у Маскве (у 1801—03 у Рызе). З 1806 зноў у Пецярбургу, з 1812 пам. бібліятэкара, з 1816 бібліятэкар Публічнай б-кі. Першы літ. твор — камічная опера «Кафейніца» (нап. 1782, выд. 1869). У 1780-я г. напісаў трагедыі «Клеапатра» (1785, не захавалася) і «Філамела», камічную оперу «Шалёная сям’я», камедыі «Вершаплёт у прыхожай» (усе нап. 1786) і «Свавольнікі» (нап. 1787—88), камічную оперу «Амерыканцы» (нап. 1788, паст. 1800). У жарце-трагедыі «Падшчыпа, або Трыумф» (нап. каля 1800, выд. 1859) высмейваў «нямецкую» цывілізацыю, патрыярхальныя норавы, сцвярджаў раўнапраўе кніжнага стылю і прастамоўя. У п’есах «Модная крама» (паст. 1806), «Урок дочкам» (паст. 1807) высмейваў дваранскія норавы, а сац. заганы трактаваў як праяўленне спрадвечных людскіх слабасцей, але выкрыццё іх замяніў філас. асэнсаваннем. Першыя байкі К. — пераклады з Ж.Лафантэна (1806). Яго ўласныя байкі з’явіліся ў друку ў 1808 («Варона і лісіца», «Воўк і ягня»). Першы зб. — «Байкі» (1809). Усяго выдаў 9 зборнікаў, у якія ўвайшло каля 200 баек. Амаль усе яны напісаны з пэўнай нагоды: сатыра на ўрадавыя ўстановы («Квартэт»), на Аляксандра I («Выхаванне льва»), Мікалая I («Вяльможа»), на пэўныя падзеі дзярж., грамадскага і літ. жыцця, на падзеі вайны 1812—14 («Булат», «Кошка і салавей», «Воўк на псярні», «Абоз»). У жанр байкі унёс філас.-гіст. змест, вызваліў яе ад абстрактнага маралізатарства; у аснову многіх сюжэтаў клаў рэальныя ўзаемаадносіны людзей. Сатыр. смеласць яго баек, іх апазіц. гучанне вынікалі з сутнасці іроніі К., якая апіралася на нар. разуменне ісціны і справядлівасці. Свабодна выкарыстоўваў прастамоўе, якое процістаяла «мове прыстойнага грамадства» і кніжнай мове. Многія яго афарыстычна дакладныя вызначэнні сталі крылатымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі. Творчасць К. значна паўплывала на развіццё жанру байкі ў бел. л-ры. На Беларусі яго творы былі вядомы яшчэ пры жыцці іх аўтара. У канцы 19 ст. Ф.Багушэвіч, А.Абуховіч зрабілі першыя пераклады яго твораў на бел. мову; М.Косіч выдала «Пералажэнні некаторых баек Крылова на беларускую гаворку» (1903). Пазней байкі К. перакладалі Я.Купала, М.Клімковіч, В.Таўлай, К.Крапіва, Я.Брыль, М.Лужанін, М.Танк і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—3. М., 1945—46;
Соч.Т. 1—2. М., 1969;
Басни: Сатир. произв.;
Воспоминания современников. М., 1989;
Бел.пер. — Байкі. Мн., 1950.
Літ.:
Степанов Н.Л. Крылов. М., 1969;
И.А.Крылов: Пробл. творчества. М., 1975;
Гордин М., Гордин Я. Театр Ивана Крылова. М., 1983;
Гордин М.А. Жизнь Ивана Крылова. М., 1985;
Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 25—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА (ад грэч. akustikos слыхавы),
раздзел фізікі, які вывучае пругкія ваганні і хвалі ад самых нізкіх частот (умоўна ад 0 Гц) да самых высокіх (1012—1013Гц), іх узаемадзеянне з рэчывам і выкарыстанне.
Першыя звесткі аб акустыцы — у Піфагора (6 ст. да н.э.). Развіццё акустыкі звязана з імёнамі Арыстоцеля, Г.Галілея, І.Ньютана, Г.Гельмгольца. Вынікі класічнай акустыкі падагульніў Дж.Рэлей. Значны ўклад у развіццё акустыкі зрабілі М.М.Андрэеў, А.А.Харкевіч, Л.М.Брэхаўскіх, Л.І.Мандэльштам, М.А.Леантовіч і інш. Новы этап развіцця акустыкі ў 20 ст. звязаны з развіццём электра- і радыётэхнікі, электронікі.
Агульная акустыка на аснове лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў вывучае заканамернасці адбіцця і пераламлення акустычных хваляў на паверхні, распаўсюджванне, інтэрферэнцыю і дыфракцыю іх у суцэльных асяроддзях, ваганні ў сістэмах з засяроджанымі параметрамі. Акустыка рухомых асяроддзяў і статыстычная разглядаюць уплыў руху і нерэгулярнасцяў асяроддзя на распаўсюджванне, выпрамяненне і прыём гукавых хваляў. Фізічная акустыка вывучае залежнасць характарыстык хваляў ад уласцівасцей і стану асяроддзя; яе падраздзелы: малекулярная акустыка (паглынанне і дысперсія гуку), квантавая акустыка (разглядае пругкія хвалі як фаноны, пры нізкіх т-рах, ва ультра- і гіпергукавым дыяпазонах). Псіхафізіялагічная акустыка вывучае ўздзеянне гуку на чалавека. Асн. задача электраакустыкі (магнітаакустыкі) — распрацоўка гучнагаварыцеляў, мікрафонаў, тэлефонаў і інш. выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку. Гідраакустыка і атмасферная акустыка — выкарыстанне гуку для падводнай лакацыі, сувязі, зандзіравання атмасферы і інш. Задачы архітэктурнай і будаўнічай акустыкі — паляпшэнне распаўсюджвання і ўспрымання мовы і музычных гукаў у памяшканнях, памяншэнне шуму (гл.Акустыка архітэктурная, Акустыка музычная). Нелінейная акустыка, акустаоптыка і акустаэлектроніка вывучаюць узаемадзеянне акустычных хваляў з фіз. палямі і часціцамі. Новыя магчымасці візуалізацыі гукавых палёў дала акустычная галаграфія. На Беларусі даследаванні па акустыцы праводзяцца з 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН. Найб. значныя вынікі атрыманы Ф.І.Фёдаравым у тэорыі пругкіх хваляў у крышталях.
Літ.:
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. М., 1953;
Стретт Дж.В. (лорд Рэлей). Теория звука: Пер. с англ.Т. 1—2. 2 изд. М., 1955;
Скучик Е. Основы акустики: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1958—59;
Фёдоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.