танцава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да танца (танцаў). Танцавальнае мастацтва. □ З рэпрадуктара лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Хор праспяваў .. некалькі народных песень, а потым танцавалі «Лявоніху», «Крыжачок». Большасць было танцавальных нумароў. Сабаленка. // Прызначаны для танцаў. Разгалісты платан купчастым голлем прыкрываў усю танцавальную пляцоўку. Хомчанка.

2. Які мае адносіны да танцора (танцораў), звязаны з навучаннем танцораў. Танцавальная група. Танцавальны ансамбль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРЭ́ЛІК (Ала Львоўна) (н. 1.8.1952, Мінск),

бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1973). З 1973 салістка эстрады Бел. філармоніі, з 1974 — харэагр. ансамбля «Харошкі», у 1976—94 — Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Яе творчасці ўласцівы характарнасць і артыстызм. Выконвала сола ў вял. харэагр. пастаноўках («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца») і ў сюжэтных, пераважна жартоўных, танцах-сцэнках («Ах, якая я Ганулька», «Зязюля», «Паўлінка», «Полька-Янка», «Прысюды», «Закадычныя сяброўкі», «Таўкачыкі», «Крутуха» і інш.).

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1959 у Мінску. Уключае балетную трупу і аркестр. Першыя маст. кіраўнікі А.Апанасенка (1959—71) і С.Дрэчын (1971—73), з 1986 В.Дудкевіч; кіраўнік аркестра С.Хвашчынскі (з 1991). У рэпертуары больш за 100 пастановак: танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на аснове бел. танц. фальклору («Лявоніха», «Лянок», «Весялуха», «Мяцеліца», «Перапёлачка», «Каханачка», «Маталіха», «Полька-Янка», «Крыжачок», «На Купалле», «Беларуская рапсодыя», «Неглюбскія вячоркі», «Спеў дубраў», «Арэлі», «Церніца»), фальклору інш. народаў, сюжэтныя пастаноўкі («Беларуская партызанская», «Сінявокая і неўміручая», «Полечка-поле», «Хатынь», «Вечарына»), праграма «Карагод сяброў», гумарыстычныя сцэнкі («Крутуха», «Дырыжор аркестра» і інш.). У сваіх інтэрпрэтацыях бел. нар. танцаў ансамбль імкнецца захаваць іх характэрнасць, лёгкасць, зграбнасць рухаў, вынаходлівасць харэаграфічнага малюнка. Сярод артыстаў (1997) М.Ліпчык (баян). У розны час у ансамблі працавалі маст. кіраўнікі Г.Маёраў, В.Бутрымовіч, балетмайстры Г.Мартынаў, Я.Штоп, артысты балета М.Апанасенка, Г.Белавусава, С.Вуячыч, А.Гарэлік, І.Цюрын, кіраўнік аркестра У.Багадайка.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Канстанцін Андрэевіч) (20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),

бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага, «Вяселле» В.Гарбацэвіча і інш.). Для развіцця бел. прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» І.Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн. варыянты многіх традыц. нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.

Літ.:

Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.

К.Л.Алексютовіч.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)