прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам.інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.
Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).
Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПРЭ́САР,
машына для сціскання і падачы паветра або газаў пад ціскам 0,2 МПа і вышэй. Машыны, якія сціскаюць паветра да 12 кПа, наз.вентылятарамі, да 0,2 МПа — паветрадуўкамі.
Адрозніваюць К.: аб’ёмныя (поршневыя і ратацыйныя, дзе сцісканне газу адбываецца пры змяншэнні замкнёнага аб’ёму), лапатачныя (цэнтрабежныя і восевыя, у якіх сілавое ўздзеянне на газ робіцца вярчальнымі лапаткамі) і струменныя (прынцып дзеяння падобны да струменных помпаў), нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (да 10 МПа) і высокага (больш за 10 МПа) ціску. Поршневыя К. бываюць адна- і шматцыліндравыя, адна-, двух- і шматступеньчатыя; цэнтрабежныя і восевыя наз. таксама турбакампрэсарамі. Магутнасць К. дасягае дзесяткаў мегават (цэнтрабежныя і восевыя К.), падача 20 тыс.м³ /мін і больш (восевыя). К. выкарыстоўваюцца ў хім., газавай, нафтаперапр. і горнай прам-сці, авіяцыі, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, ваен. тэхніцы і інш.
Схемы кампрэсараў: а — поршневага (1 — фільтр, 2 — клапаны, 3 — поршань, 4 — цыліндр, 5 — крывашыпны механізм); б — ратацыйнага (1 — цыліндр, 2 — ротар са слізгальнымі пласцінамі); в — восевага (1 — цыліндр, 2 — ротар з рабочымі лапаткамі, 3 — нерухомыя лапаткі).