МАКРАКАНТАРЫ́НХІ (ад макра... + грэч. akantha калючка + rhynhos хабаток),
род гельмінтаў сям. алігакантарынхід кл. скрэбняў. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі найб. вядомы скрэбень-гігант (M. hirudinaceus), які паразітуе ў тонкім кішэчніку дзікіх і свойскіх свіней (асн. гаспадары). Узбуджальнік макракантарынхозу.
Даўж. самцоў скрэбня-гіганта да 15 см, самак да 70 см. Цела верацёнападобнае або пляскатае з бакоў. Хабаток яйцападобны або круглаваты са спіральнымі радамі кручкоў. Раздзельнаполыя. Яйцы авальныя з трохслаёвай абалонкай. Развіваецца з удзелам пра межкавых гаспадароў — бронзавак, жукоў-насарогаў, майскіх хрушчоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ком1 ’круглаваты зацвярдзелы кавалак рыхлага рэчыва’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Ян., Нар. лекс., Яшк., Яруш.). Укр.кім, рус.ком ’тс’, польск.kom ’тс’, славен.kom ’круглаваты прадмет’, балг.комина, серб.-харв.ко̏м, ко̏мина ’жамерыны’, чэш.kominy ’тс’. Бліжэйшыя адпаведнікі: лат.kams ’ком’, літ.kamuolỹs ’клубок’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш праблематычныя. Калі прызнаць адзінае паходжанне для ўсіх славянскіх форм, то можна разглядаць прасл.komъ як рэгулярны апафанічны адпаведнік да незафіксаванага на славянскай моўнай глебе дзеяслова *kemti. Параўн. літ.kim̃šti ’напіхваць’ і прасл.čęstъ ’густы’ (Бернекер, 1, 557; Трубачоў, Эт. сл., 10, 180).
Ком2 ’бульбяная каша, камы’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Сл., Жыв. сл., З нар. сл.). Гл. ком1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АНТЭКЛІ́ЗА (ад анты... + грэч. klisis нахіл),
вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.
Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомы Беларуская антэкліза (у цэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАЧО́К (Alyssum),
алісум, каменнік, род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: бурачок Гмеліна (A. gmelinii), рэдкі від, трапляецца ў зах. раёнах на ўзлесках хваёвых лясоў і адкрытых пясчаных мясцінах; пустэльны (A. desertorum) і чашачны (A. alyssoides) — занесеныя віды, растуць каля чыгунак і дарог; 3 інтрадукаваныя: бурачок марскі (A. maritimum), серабрысты (A. argenteum) і скальны (A. saxatile) выкарыстоўваецца ў кветкаводстве.
Шэрыя або шэра-зялёныя адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з узыходнымі або распасцёртымі сцёбламі, апушаныя зоркавымі валаскамі. Лісце чаргаванае, падоўжанае адваротнаяйцападобнае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, жоўта-белыя, белыя або фіялетавыя, сабраны ў канцавыя гронкі. Плод — авальны, эліпсоідны або круглаваты стручок. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ком, ‑а; мн. камы, ‑оў; м.
Круглаваты, звычайна зацвярдзелы кавалак якога‑н. мяккага, рыхлага рэчыва. Ком цеста. Ком зямлі. □ Татам мы дапамагалі, Мы ў радочкі цэглу клалі, З гліны клеілі камы.Кірэенка.// Пра што‑н. скамечанае, скручанае. Ком паперы. □ Дана ўзяла посцілку, кажух, падушку, згарнула ўсё ў вялізны ком.Асіпенка.
•••
Ком у горле; ком падкаціўся (падступіў) да горла — пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.
Першы блін комам — тое, што і першы блін камяком (гл. блін).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)