БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.
Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.Красінскі, рэжысёр Ф.Ждановіч, з 1930 В.Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.Чарота, «На стыку» Ц.Гартнага, «Будні» І.Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.Прута, «Стрэл» А.Безыменскага, «Чынгісбуд» К.Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.Цікоцкага.
С.А.Пятровіч.
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,
1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.
М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл. Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.Мельес (Францыя), У.Пол (Англія), Э.Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв. маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав. маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.
На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел. маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.Мележа) В.Турава, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава (паводле В.Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.Рубінчыка (паводле У.Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.Клімава (паводле А.Адамовіча), «Знак бяды» М.Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.Рыбарава (паводле В.Казько).
А.В.Красінскі.
т. 10, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)