спас 1, ‑у, м.

У выразе: спасу няма — тое, што і ратунку няма (гл. няма). Я ўпаў. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць.. Бачу, няма спасу, пабег, а яны за мною. Сяргейчык.

спас 2, ‑а, м.

Разм.

1. Збавіцель; адна з назваў Хрыста. // Абраз з вобразам Хрыста. Памаліўся [Клопікаў] перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і .. патупаў цераз вуліцу. Лынькоў. // Царква ў імя Хрыста-збавіцеля. Спас Нярэдзіцкі.

2. Назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят. Спас першы — мядовы; другі — яблычны; трэці — палатняны. □ [Нікіпар] любіць святкаваць. Таму не абміне ні дзяды, ні коляды, ні радаўніцу, ні спас. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРУ́Н Алесь

(сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.В.Рагойша.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каляда́ ’даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Нас.; Сержп. Грам.), ’царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча’ (Сцяшк.), каляда ’калядны вечар, куцця’ (Сл. паўн.-зах., Шат.), каляда посная, каляды ’свята нараджэння Хрыста’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., навагр., КЭС; Нік. Очерки., Мядзв., Нас., Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Чач., Шат.), каляда ’песня, якая спяваецца падчас гэтага абраду’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.) ’прадукты, якія дарылі ў час каляд’ (ТСБМ, Мал., Сл. паўн.-зах., ТС), ’плата свяшчэнніку за хрэсны ход у час каляд’ (Нас.), параўн. яшчэ ў Радчанкі: «Ой панъ иде, коляду несе, Три куски сала, чтобъ коза встала», ’хвост вяпрука, які вараць на куццю і ядуць у «багатую каляду»’ (Сцяц., Нар.), ’вяпрук, якога колюць на каляды, туша яго’ (зах.-бел.: Жд. 2; Сцяц. Нар.; Сцяшк., Янк. I). Таксама сустракаецца ў песнях (параўн. у Насовіча: «Ехала коляда, колядуючи… Пошла коляда по лёду, разсыпала коледа коляду…» і Радчанкі: «Ишла коляда с конца в конец, Зайшла коляда к Ивану…»), што дало падставу Сержпутоўскаму пісаць пра персаніфікацыю каляды: раней Шпілеўскі адзначаў: каляда ’бог весялосці і радасці’ (Архіў АН СССР, фонд Сразнеўскага). У Насовіча яшчэ коледа ў выразе збор‑коледа ’пра розныя рэчы, сабраныя ў адну купу’. Форма коляды адзначаецца ў Сл. паўн.-зах. і Растаргуевым (з Косіч?), барыс. зафіксавана форма калёды (Сл. паўн.-зах.). Укр. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі пяюць калядныя несці’, ’песні ў калядны вечар’, ’падарунак каляднікам за песні’, рус. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі ходзяць па дамах і пяюць калядныя песні’, ’вечар напярэдадні каляд’, а таксама ’абрадавая песня’, ’падарункі і грошы каляднікам за песні’ смал., калуж., наўг., кур., арл. ’вяпрук, якога колюць па каляды’ (геаграфія невядомая) і шэраг іншых, польск. kolęda ’калядная песня’, ’навагодні або калядны падарунак’, ’адведванне веруючых ксяндзом’, дыял. і ст.-польск. ’хаджэнне па хатах з песнямі і збіранне дароў’, шэраг іншых значэнняў, славін.-каш. kaląda ’калядная песня’, ’абрад хаджэння па хатах з песнямі’, н.-луж. уст. koloda ’навагодні падарунак’, чэш. koleda ’калядная песня’, таксама ’час, калі пяюць калядныя песні’, ’падарунак каляднікам, падарунак на Новы год’, славац. koleda ’калядная песня, якую пяюць на Новы год’, славен. kalę́da ’абрад, свята, калі ходзяць па хатах з музыкаў і песнямі; пры гэтым збіраюцца падарункі’, адзначаецца і форма ’куцця (вечар)’, дыял. kòlēňde ’навагодні падарунак’, серб. ко̀леда, коле́да ’калядаванне, хаджэнне на хатах з песнямі’, макед. коледа ’калядаванне, куцця (вечар), свята нараджэння Хрыста’, балг. коляда, коленда, коледа ’каляды’ (у Герава і ў дадатках да слоўніка), ст.-слав. калѧда ’calendae’ (’навагодняе свята’). Прасл. kolęda запазычанне з лац. calendae ’першы дзень месяца’, першапачаткова, відаць, свята, звязанае з пачаткам года, паколькі даўнія рымскія святы «календы» адзначалі з 1 па 5 студзеня, далей у сувязі з хрысціянскім уплывам адносна да свята нараджэння Хрыста (гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 135). Міклашыч (24) выказваў меркаванне аб пачатковым распаўсюджванні ў славян Паноніі; праславянскае паходжанне як быццам пацвярджаецца шэрагам фактаў, але не вельмі надзейна. Распаўсюджанне слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі сведчыць, магчыма, аб познім характары. Параўн. і Дзясніцкая, Слав. языкозн., 329–332, дзе мяркуецца аб пранікненні балканскай назвы на захад і ўсход славянскага свету.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала,

Ян, старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як i «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)