МЕ́ЛВІЛ ((Melville) Герман) (1.8.1819, Нью-Йорк — 28.9.1891),

амерыканскі пісьменнік-рамантык. Служыў матросам, вандраваў. Уражанні ад падарожжаў у аснове першай кнігі — рамант. утопіі «Тайпі» (1846), аповесці «Ому» (1847), «марскіх» раманаў «Рэдберн» (1849), «Белы бушлат» (1850). Філас. абагульненні выявіліся ў сатыр. алегорыі «Мардзі» (1849) і рэалізаваны ў сац.-філас. рамане «Мобі Дзік, ці Белы Кіт» (1851, экранізацыя 1956), якія насычаны сімволікай, алюзіямі, рамант. алегорыямі. Аўтар псіхал. («П’ер», 1852), гіст. («Ізраэль Потэр», 1855), сатыр. («Махляр», 1857), філас. («Білі Бад», 1924, экранізацыя 1962; аднайм. опера Б.​Брытэна 1951) раманаў, навел (зб. «Казкі з плошчы», 1856), вершаў (зб-кі «Вершы пра вайну», 1866; «Тымалеён», 1891) і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1987—88.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Герман Мелвилл и американский романтизм. Л., 1972.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.

Літ.:

Ковалев Н.С. Македонский язык. Иваново, 1977.

Г.​А.​Цыхун.

т. 9, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО ((Poe) Эдгар Алан) (19.1.1809, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 7.10.1949),

амерыканскі пісьменнік, крытык. Вучыўся ў Англіі (1815—20), Віргінскім ун-це (1826), ваен. акадэміі Уэст-Пойнт (1830—31). У 1835—46 рэдактар часопісаў і газет. У творчасці пераважаюць матывы прыгажосці, кахання, смерці, хуткаплыннасці ўсяго існага. Паэт. зб-кам «Тамерлан і іншыя вершы» (1827, выд. ананімна), «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (1829), «Вершы» (1831), «Крумкач і іншыя вершы» (1845) уласцівы сімволіка, сугестыўнасць, музыкальнасць, спалучэнне рамант. зместу і лагічнай формы. Стваральнік псіхалагічнай, ці «жахлівай» («Падзенне дома Ашэраў», «Чорны кот», «Вільям Вільсан»), дэтэктыўнай, ці «лагічнай» («Забойства на вуліцы Морг», «Таямніца Мары Ражэ», «Украдзенае пісьмо», «Залаты жук»), навукова-фантаст. («Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы», «Незвычайныя прыгоды нейкага Ганса Пфааля», «Гісторыя з паветраным шарам») навелы. Аўтар «Аповесці аб прыгодах Артура Гордана Піма» (1838), зб-каў прозы «Гратэскі і арабескі» (т. 1—2, 1840), «Апавяданні» (1845), філас. паэмы ў прозе «Эўрыка» (1848), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў і інш. Распрацаваў эстэт. праграму паэзіі («Філасофія творчасці», 1846; «Паэтычны прынцып», 1850), у якой падкрэсліваў значэнне эмацыянальна-псіхал. ўздзеяння твораў («татальны эфект»). Да творчасці П. звярталіся кампазітары К.​Дэбюсі, М.​Равель, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Ю.​Бушлякоў, С.​Шупа, У.​Шчасны (проза), А.​Мінкін, В.​Савіч, А.​Хадановіч (лірыка).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1993;

Избранное: Стихотворения. Проза. Эссе. М., 1984;

Рассказы. Мн., 1997;

Лирика. Мн., 1999.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Эдгар Аллан По: Новеллист и поэт. Л., 1984;

Аллен Г. Эдгар По: Пер. с англ. 2 изд. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

Э.По.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.​А.​Багатаў, М.​І.​Беразоўскі.

Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Не́мец1 ’нямко, нямы чалавек’ (ТС), не́мяц ’глухі, глуханямы’ (Мал.), не́міц ’вельмі маўклівы’ (міёр., З нар. сл.), рус. не́мец ’нямы чалавек; чалавек, які невыразна, незразумела гаворыць’, славен. némec ’нямко’, серб.-харв. дыял. немь́ц «онај ко је нем, без моћи говора» (СДЗб., 29, 147), балг. не́мец ’нямы чалавек’. Прасл. *němьcь, утворана ад němъ, гл. нямы.

Не́мец2 ’немец’ (ТСБМ, ТС), не́мяц ’тс’ (Мал., Жд. 1, Цых.), укр. ні́мець, рус. не́мец, польск. Niemiec, чэш. Němec, славац. Nemecy в.-луж. Němc, н.-луж. Nimc, славен. Némec, серб.-харв. Не́мац, мак. Немец, балг. не́мец. Прасл. тэрмін, фіксуецца ў візантыйскі перыяд (1088) як Νεμίτζοι. Паходжанне этноніма застаецца канчаткова нявысветленым, найбольш верагодныя дзве версіі. Згодна з першай версіяй, ад немец1 (гл.) з развіццём семантыкі ’чалавек, што гаворыць няясна, невыразна’ да ’чужаземец’ (з канкрэтызацыяй ’немец’), гл. Брукнер, 360; Фасмер, 3, 62; Шустар-Шэўц, 13, 998; Мартынаў, Лекс. взаим., 102–104 і інш. Паводле другой версіі, што ўзыходзіць да Шафарыка, з кельцкай назвы германскага племені Nemetes, адзначанай рымскімі аўтарамі, што звязваецца з кельц. nomet ’свяшчэнны, знатны’, гл. Шахматаў. К вопросу о древн. слав.-кельт. отношениях. Казань, 1912, 37. Аднак абедзве версіі сустракаюць пярэчанні, параўн. Ковалев Г. Ф. Общеславянский этноним немец. Мат. по русско-слав. языкознанию. Воронеж, 1977, 41–45. Форма Не́мцы ’Германія’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Немцы: оутечеть оу Немци и Прꙋсы (XVII ст., Карскі 2–3, 329) з польск. Niemcy ’тс’, звычайна Няме́ччына (Немеччына) (Нас.).

Не́мец3 ’гульня’ (Бяльк.), ’пасаж у гульні’ (ТС), не́мчык ’тс’ (ТС). Няясна, хутчэй за ўсё да не́мец2 аднак матывацыя застаецца нявысветленай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПРАВААБАРО́НЧЫ РУХ У СССР у 1960—80-я г., непалітычны грамадскі рух у абарону правоў чалавека ў б. СССР. Яго ўдзельнікі — пераважна інтэлігенцыя. Асн. прынцыпы дзейнасці: легальнасць, галоснасць, адмова ад паліт. барацьбы. Сярод перадумоў узнікнення П.р. — прыняцце Ген. асамблеяй ААН Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948), афіц. асуджэнне паліт. рэпрэсій 1930 — пач. 50-х г. на XX з’ездзе КПСС (1956). Асн. напрамак дзейнасці — абарона асабістых і паліт. правоў грамадзян СССР, у т. л. на паліт. іншадумства і апазіц. дзейнасць. У адрозненне ад інш. дысідэнтаў удзельнікі П.р. паслядоўна стаялі на глебе права, г.зн. апіраліся ў сваёй дзейнасці на міжнар. дакументы па правах чалавека, а таксама на Канстытуцыю і законы СССР, якія тэарэтычна прызнавалі большасць з гэтых правоў. Пачатак П.р. адносяць да 1965—66, калі адбыліся выступленні ў абарону пісьменнікаў А.​Д.​Сіняўскага і Ю.​М.​Даніэля, арыштаваных (1965) і прыгавораных (лют. 1966) да пазбаўлення волі адпаведна на 7 і 5 гадоў за публікацыю за мяжой сваіх сатыр. твораў. 5.12.1965 на Пушкінскай плошчы ў Маскве адбылася дэманстрацыя пратэсту. У вышэйшыя сав. і парт. органы былі накіраваны лісты і петыцыі, на карысць пісьменнікаў і іх сем’яў праводзіўся збор ахвяраванняў. З гэтага часу асн. формамі дзейнасці сав. праваабаронцаў сталі мітынгі, дэманстрацыі, асабістыя і калект. звароты да сав.-парт. улад, у ААН і інш. міжнар. арг-цыі, матэрыяльная дапамога арыштаваным, пашырэнне праваабарончай інфармацыі і л-ры шляхам «самвыдату». У 1968—83 выходзіў «самвыдацкі» бюлетэнь «Хроника текущих событий» (выйшлі 64 выпускі), у якім канстатаваліся (без ацэнак) выпадкі парушэння правоў чалавека і праваабарончыя выступленні ў Маскве і рэспубліках СССР. У 1969 створана Ініцыятыўная група абароны правоў чалавека ў СССР, якая накіравала ў ААН ліст з пералікам парушэнняў правоў чалавека, у 1974 — сав. аддзяленне Амністыі міжнароднай. Падпісанне Сав. Саюзам (1.8.1975) і публікацыя Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскі акт), гуманіт. артыкулы якога прадугледжвалі захаванне правоў чалавека, сталі пачаткам т.зв. Хельсінкскага перыяду П.р. (1976—81). Летам 1975 створана Маскоўская Хельсінкская група, якая збірала матэрыялы пра парушэнні ў СССР гуманіт. аспектаў Хельсінкскіх пагадненняў і накіроўвала справаздачы ўрадам усіх краін-удзельніц пагаднення. У 1976 узніклі Хельсінкскія групы ў Літве і Украіне, у 1977 — у Грузіі і Арменіі. Сабраныя праваабаронцамі звесткі пра парушэнні правоў чалавека шырока выкарыстаны ЗША і інш. зах. краінамі ў ідэалаг. вайне супраць СССР. У канцы 1970 — пач. 80-х г. у выніку ганенняў практычна спыніўся адкрыты і легальны П.р. у СССР. Віднымі дзеячамі П.р. ў розныя гады былі У.К.Букоўскі, А.Л.Салжаніцын, А.​Дз.Сахараў, П.​Р.​Грыгарэнка, С.​А.​Кавалёў, К.​Ф.​Арлоў і інш. Удзельнікі руху асн. вынікам сваёй дзейнасці лічаць фарміраванне ў нетрах сав. грамадства сіл, якія ў сярэдзіне 1980-х г. ініцыіравалі перабудову ў СССР.

Літ.:

Богораз Л., Голицин В., Ковалев С. Политическая борьба или защита прав? // Погружение в трясину. М., 1991;

Алексеева Л.М. История инакомыслия в СССР. Новейший период. Вильнюс;

М., 1992;

Котляр И.И. Права человека. 3 изд. Брест, 1996;

Яго ж. Права человека в современной Беларуси: состояние, проблемы, перспективы. Мн., 1999.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)