ператрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. ператрос, ‑трэсла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак.
1. што. Трасучы, ачысціць (ад пылу, гразі і пад.) усё, многае. Ператрэсці палавікі.
2. што. Змяшаць, трасучы. Ператрэсці сена з саломай.
3. што. Трасучы, перабраць, перагледзець што‑н. (звычайна шукаючы што‑н.). [Пятрусь] некалькі раз ператрос усе свае кішэні, — ключык як у ваду кануў. Арабей. // перан. Разм. Перабраць у памяці, успомніць што‑н. Любіць стары пагаварыць, ператрэсці ў памяці мінулае. Лынькоў.
4. Разм. Зрабіць перагляд з мэтай замены, перабудовы чаго‑н.; перасыпаць. Будаўнічая брыгада калгаса ператрэсла Сцяпанаву хату, перасыпала. Пянкрат. А сам [Андрэй] пайшоў на апошнюю вайну і ўжо ніколі не вернецца, каб, скажам, абсадзіць хату ці ператрэсці хлеў. Сіпакоў.
5. каго. Разм. Усхваляваць, устрывожыць да ўзбуджана-нервовага, хваравітага стану.
6. каго-што. Зрабіць вобыск. На вакзале сышчыкі затрымалі.. гімназістаў і ператрэслі іх чамаданы... С. Александровіч. Жаўнеры ператрэслі кожную хату, аблазілі ўсе вышкі і хлявы. Шахавец.
7. безас. Скончыць, перастаць трэсці. Хворага ператрэсла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тарча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Узвышацца, уздымацца над паверхняй, вытаркацца ўбок, уперад, уверх. Абапал ляжалі апусцелыя палі, толькі тарчалі калючыя іголкі ржышча ды пад полем, пабліскваючы на сонцы, плавалі белыя пушынкі павуціння. Сіняўскі. Дзе-нідзе, нібы рэбры, тарчыць з-пад снегу галлё яблынь, абсечанае асколкамі і цяпер абгрызенае зайцамі. Федасеенка. // Не ляжаць гладка, не прыставаць шчыльна да чаго‑н. Абоі тарчаць. // Выпінацца, вытаркацца адкуль‑н. якой‑н. сваёй часткай. [Паштовая скрынка] была прымацавана да ўваходных дзвярэй, на ёй нават вісеў невялічкі замочак, з якога тарчаў такі ж невялікі ключык. Васілёнак.
2. Знаходзіцца дзе‑н., назаляючы сваёй непатрэбнай прысутнасцю. Нейкая жанчына, захутаная ў хустку, падыходзіць да салдата, ледзь соваючы нагамі. Спыняецца непадалёк, глядзіць на Драча. Драч — на яе. [Драч:] Чаго вылупілася?.. Валяй адгэтуль, тут нельга кожнаму тарчаць. Губарэвіч. — Той тып зноў тарчаў у акне, — сказаў наш як шафёр таварышу. Няхай. // Пастаянна бываць дзе‑н., знаходзіцца перад вачыма. [Верхаводка:] Я ж табе казаў, што дарэмна ты [Рамашка] лётаеш сюды дзень у дзень. І мяне прывучыў кожны выхадны дзень тарчаць тут на рэчцы. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпі́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Прыстасаванне з тонкага дроту або пластмасы для заколвання валасоў у жаночай прычосцы. Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны. Арабей.
2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне (галоўку). Закалоць кішэню шпількай. // Адзін з відаў іголкі, на тупым канцы якой прымацавана галоўка. Калола Антона гэтае запытанне, нібы накаленая да чырвані шпілька. Бядуля. // Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночых галаўных убораў. Жанчына ў старасвецкай дамскай шапачцы, з вялікаю шпількаю ўпоперак цераз яе. Чорны. // перан.; чаго. Пра тое, што падобна на іголку. З зямлі тырчаць чорныя пакручастыя, вузлаватыя карэнні дрэў ды рудыя шпількі вымершай травы. Новікаў.
3. У шавецкай справе — цвік з падвойнай плешкай. Чаравікі на шпільках.
4. Спец. Стрыжань без галоўкі і з разьбой на абодвух канцах, які служыць для змацавання дэталей.
5. толькі мн. (шпі́лькі, ‑лек). Разм. Вузкія і высокія абцасы ў жаночых туфлях, а таксама туфлі на такіх абцасах. Сядзяць будучыя цешчы, Языкі свае палошчуць, Што ў настаўніцы Алёнкі Закароткая сукенка, Што абцасікі як шпількі ў заатэхніка Марылькі. Танк. [Таня] была ў белым лёгкім плацці і белых лодачках-шпільках. Паўлаў.
6. перан. З’едлівая заўвага, колкасць. Гаворка.. пацякла жвавей і лагодней, у ёй не было ўжо ні падкалуплівання, ні шпілек. Хадкевіч. — От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох. Колас.
•••
Падпусціць шпільку гл. падпусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)