БУРЭ́ННЕ,

стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.

Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),

комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.

Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш. геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пе́ча1 ’апека; клопат, нагляд’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), рус. цеча ’удзел, клопаты’, польск. piecza ’клопат, увага, апека, нагляд; стараннасць’, н.-луж. pjeca, в.-луж. pječa ’клопат’, чэш. ресе ’клопат, апека, дагляд, ахова’, славен. pėča, peč, ресаі ’смутак, гора; клопат, стараннасць, трывога’, сюды ж таксама макед. печая ’тс’, печалба ’прыробак’, балг. печая, печаяба ’тс’, ст.-слав. печлл’ь ’пакута, мучэнне, смутак; клопат, апека’. Звычайна звязваецца з *рекіі, гл. пячы (Міклашыч, 234; Брукнер, 406; Праабражэнскі, 2, 53; БЕР, 5, 212). Інакш Махэк₂ (441): < і.-е. *кер‑ (> geh-) ’мець клопат, мучэнне’; апошняе ў прасл. мове (пад уплывам *рекіі ’пячы’) змянілася ў *pek​, параўн. ст.-чэш. peč і se ’клапаціцца’, ст.-рус. пекуся ’клапачуся’. З-за такой блізкасці ў балт. мовах у *pek‑ ’пячы’ адбылася перастаноўка кр: літ. керн, лат. cepu ’пяку’. Гл. таксама апека.

Пе́ча2 ’рана ад апёку’ (ТС). Відаць, фармальна тоеснае балг. печа ’блазна на твары’, серб.-харв. пена ’трупная пляма’, што ўзыходзіць да *pekti ’пячы’. Інакш адносна паўднёваславянскіх слоў Скок, 2, 650; БЕР, 5, 211 (з петечеі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Вітольд Каятанавіч) (29 2.1872, б. сядзіба Крынкі, Бялыніцкі р-н Магілёўскай вобл. — 18.6.1957),

бел. і рускі жывапісец-пейзажыст; прадаўжальнік лепшых традыцый рус. пейзажнага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Нар. мастак Беларусі (1944) і Расіі (1947). Ганаровы акад. АН БССР (1947), правадз. чл. АН СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1889—96) у С.Каровіна, М.Неўрава, І.Пранішнікава, В.Паленава. Зазнаў уплыў І.Левітана. Чл. Т-ва перасоўных выставак (з 1904), т-ва імя А.​Куінджы (з 1909). Адзін з арганізатараў і чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Пісаў пераважна лірычныя пейзажы. Тонкая кампазіцыйная пабудова, складаная нюансіроўка каляровых суадносін шаравата-серабрыстых і ліловых тонаў — аснова іх эмацыянальнай выразнасці. Найб. вядомыя раннія палотны: «З ваколіц Пяцігорска» (1892), «Вясна ідзе» (1899), «Вечныя снягі» (1901), «Веснавы дзень» (1902), «У канцы зімы» (1907), «Восень» (1908), «Красавіцкі дзень» (1908), «У час цішыні» (1909, залаты медаль у Мюнхене), «Зімовы сон», «Вясна ідзе» (абедзве 1911), «Ізумруд вясны» (1915), «Ціхая восень» (1916—17), «Перад вясной» (1919, бронзавы медаль у Барселоне) і інш. Найб. вядомыя лірычныя пейзажы 1920—30-х г.: «Лясная рэчка зімой», «Веснавыя воды», «Аголеныя бярозкі», «Лёд пайшоў», «Задуменныя дні восені», «Пачатак восені», «Бэз цвіце»; 1940—50-х г.: «Лотаць зацвіла», «Прыцемкі юнага мая», «Май зазелянеў», «Дні майскіх навальніц», «Блакітнай вясной», «Вясна ідзе» і інш. Б.-Б. непераўзыдзены майстар веснавога пейзажа (больш як 200 карцін). Значнае месца ў яго творчасці займаюць пейзажы мясцін, дзе бывалі Л.​М.​Талстой («Ясная Паляна. Від на сяло і сядзібу», 1928), А.​С.​Пушкін («Міхайлаўскае. Домік няні», «Святагорскі манастыр», «Трыгорскае», усе 1935—36; «Асеннія дні. Алея Керн», 1952). У гады Айч. вайны стварыў палотны патрыят. гучання: «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў», пейзажы сядзібы П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне (усе 1942), серыю арх. пейзажаў для выстаўкі «Шэдэўры рускага драўлянага дойлідства» (1944). У 1947 жыў пад Мінскам, напісаў цыкл карцін, у якіх паказаў своеасаблівасць прыроды бел зямлі: «Зноў расцвіла вясна», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі». Аўтар успамінаў, артыкулаў па методыцы выкладання. У г.п. Бялынічы адкрыты Бялыніцкі мастацкі музей яго імя, у Магілёве — маст. музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (аддзел Нац. маст. музея Беларусі). У 1996 у Магілёве адбыўся першы міжнар. пленэр па жывапісе імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Тв.:

Из записок художника // Из творческого опыта. М., 1958. Вып. 4.

Літ.:

Жидков Г. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: [Альбом]. М., 1953;

Тарасов Л. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: Народный художник РСФСР и БССР. М.; Л., 1949;

Туроўнікаў М. В.​К.​Бялыніцкі-Біруля. Мн., 1959;

Карамазаў В. Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі. Мн., 1991.

А.​К.​Рэсіна.

В.К.Бялыніцкі-Біруля. Работа мастака А.​Бархаткова. 1945.
В.К.Бялыніцкі-Біруля. Зялёны май. 1947.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)