ліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

Разм.

1. Ледзь-ледзь трымацца (пра каго‑, што‑н.). У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Лынькоў. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. У той час мы з Андрыянай разам жылі, наймалі маленькі катушок пад самым дахам. То яна якую работу знаходзіла, то я. Так і ліпелі. Хомчанка.

2. перан. Пра вельмі слабае праяўленне якіх‑н. працэсаў, пра стан заняпаду чаго‑н. Ледзь ліпіць аганёк, Смольны корч дагарае. Зарыцкі.

•••

Ліпець на валаску (на павуцінцы) — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.

2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.

3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».

4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)