фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКША́РАЎ Мікалай Іванавіч (5.12.1818, каля г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 2.1.1893),
расійскі мінералог-крышталёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1866). Скончыў Ін-т корпуса горных інжынераў у Пецярбургу (1840). Прымаў удзел у экспедыцыях англ. геолага Р.І.Мурчысана ў час яго наведвання Расіі. Дырэктар Горнага ін-та ў Пецярбургу (1872—81), праф. (1851—55). З 1865 дырэктар Мінералагічнага т-ва і рэдактар многіх тамоў «Запісак мінералагічнага т-ва». Асн. твор — «Матэрыялы для мінералогіі Расіі» (т. 1—6, 1852—77). Вылічыў крышталеграфічныя канстанты, якія пакладзены ў аснову марфал. характарыстык многіх мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.
Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),
прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, утварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1 К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.
Схема анізаметра магнітнага: 1 — крыніца святла; 2 — пругкія элементы; 3 — люстэрка; 4 — шкала; 5 — узор; N, S — полюсы магніта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,
1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл.Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)∙10−11Н∙м²/кг².
2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл.Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,
тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.
Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (1019 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц).
Літ.:
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
некаторыя фізічныя пастаянныя, якія ўваходзяць у найб. агульныя (фундаментальныя) фіз. законы ці з’яўляюцца характарыстыкамі элементарных часціц або працэсаў мікрасвету. Вызначаюць асн. ўласцівасці матэрыі і яе будовы, характарызуюць дакладнасць і паўнату нашых уяўленняў аб навакольным свеце.
Да Ф.ф.п. адносяць незалежныя пастаянныя (напр., Планка пастаянная, зарад элементарны) і іх камбінацыі (напр., Больцмана пастаянная, Фарадэя пастаянная). У розных раздзелах фізікі найчасцей выкарыстоўваюцца гравітацыйная пастаянная, скорасць святла ў вакууме, магнітная пастаянная, электрычная пастаянная, тонкай структуры пастаянная, Рыдберга пастаянная і інш. На аснове Ф.ф.п. створана некалькі варыянтаў т.зв. «сапраўдных» сістэм адзінак фіз. велічынь (гл.Натуральная сістэма адзінак). Значэнні Ф.ф.п., атрыманыя ў найб. дакладных і надзейных эксперыментах, наз. узгодненымі і выкарыстоўваюць у метралогіі для стварэння эталонаў адзінак фіз. велічынь.
Літ.:
Квантовая метрология и фундаментальные константы: Пер. с англ.М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).
Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл.Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.
амерыканскі логік і матэматык. З 1939 праф. Прынстанскага, з 1967 Каліфарнійскага ун-таў. З 1936 рэдактар час. «The journal of symbolic logic» («Часопіс сімвалічнай логікі»). У 1935 абгрунтаваў палажэнне пра невырашальнасць «масавай праблемы» ў выпадку, калі не існуе (або не можа быць) алгарытму для вырашэння ўсіх адзінкавых праблем, якія ўваходзяць у яе склад. Развіў ідэю аб аддзяленні паняцця функцыі ад паняцця мноства, у 1936 прапанаваў асн. гіпотэзу тэорыі выліч. функцый (т.зв. тэзіс Ч.), паводле якой кожная эфектыўна выліч. функцыя з’яўляецца агульнарэкурсіўнай (вызначанай для ўсіх натуральных значэнняў аргумента). У працы «Уводзіны ў матэматычную логіку» (т. 1, 1956) абгрунтаваў метады матэм. логікі, вызначыў яе першасныя паняцці, сфармуляваў правілы лагічнага аперыравання (злічэння) з выказваннямі простымі (гл.Логіка выказванняў) і раздзеленымі на суб’ект і прэдыкат (гл.Логіка прэдыкатаў). Вызначыў такія катэгорыі, як канстанты і пераменныя функцыі, сімвалы, аператары, квантары, несупярэчлівасць і паўната сістэмы аксіём і інш.; прапанаваў для лагічных мэт ужываць спец. створаную фармалізаваную мову. Яго даследаванні паўплывалі на развіццё матэм., камбінаторнай і мадальнай логікі, тэорыі алгарытмаў, семантыкі лагічнай.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в математическую логику. Т. 1. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДЗЕРНАЯ ФІЗІКА
Станаўленне ядзернай фізікі на Беларусі адбывалася ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН Беларусі М.А.Барысевіча, А.Н.Сеўчанкі і Ф.І.Фёдарава. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел.нац.тэхн. ун-це і інш.Асн. кірункі фундаментальных даследаванняў — ядзерная спектраскапія і мадэлі атамных ядзер, ядзерныя рэакцыі пры нізкіх, сярэдніх і высокіх энергіях, ядзерна-фізічныя канстанты, ядзерная оптыка і квантавая пазітроніка, нейтронная фізіка і фізіка ядзерных рэактараў; у галіне прыкладных даследаванняў — доследныя і канструктарскія работы па стварэнні ядзерна-энергетычных установак з унікальнымі характарыстыкамі, дазіметрыя змяшаных η-γ-палёў, спектраметрыя α-, β- і γ-выпрамяненняў, распрацоўка і стварэнне шматкрышталёвых спектрометраў γ-γ-супадзенняў з вялікім рабочым аб’ёмам, нейтронна-актывацыйны аналіз, радыяцыйная фізіка паўправаднікоў і p-n-пераходаў, вывучэнне структурна-фазавых змен у цвёрдых целах пры іонна-прамянёвым легіраванні і іоннай імплантацыі і інш. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС у 1986 стымулявала развіццё на Беларусі сучаснага ядзернага прыладабудавання, складанне карт радыяцыйнага забруджвання тэр. Беларусі 90Sr, 137Cr і ізатопамі трансуранавых элементаў, разлік радыяцыйных характарыстык паліва і аварыйных выкідаў ядзерна-энергетычных установак, развіццё радыеэкалогіі, радыяцыйнай медыцыны і радыебіялогіі.
Літ.:
Чернобыльская катастрофа: Причины и последствия. Т. 3. Мн., 1992;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995;
Наполеау П.А.М., Рудак Э.А. Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК // Атомная энергия 1998. Т. 85, вып. 3.