спірт, ‑у, М ‑рце; мн. спірты, ‑оў; м.

1. толькі адз. Гаручая, з высокім працэнтам алкаголю вадкасць, якая атрымліваецца перагонкай некаторых прадуктаў, што змяшчаюць у сабе крухмал і цукар. Бацюня расклаў інструмент, выцер спіртам рукі і пінцэт і агледзеў рану. Мележ. // Адзін з відаў такой вадкасці, які ўжываецца як алкагольны напітак. У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой, паслухаць грамафон. Чарнышэвіч.

2. Арганічнае злучэнне, вуглевадарод, у якім атам вадароду замешчаны водным астаткам. Метылавы спірт. Этылавы спірт. // Лятучае рэчыва, якое ўжываецца ў медыцыне і тэхніцы. Камфорны спірт. Борны спірт.

•••

Вінны спірт — бясколерная вадкасць, якая атрымліваецца пры браджэнні вугляводаў; этылавы спірт.

Дэнатурацыя спірту гл. дэнатурацыя.

Мурашыны спірт — сумесь вады, мурашынай кіслаты і спірту (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

Нашатырны спірт — водны раствор аміяку, празрыстая, бясколерная вадкасць з вострым пахам (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

Саліцылавы спірт — спіртавы раствор саліцылавай кіслаты, які выкарыстоўваецца як антысептычны сродак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэ́ва, ‑а; Р мн. дрэў; н.

1. Шматгадовая расліна з цвёрдым ствалом і галінамі, якія ўтвараюць крону. Хвойныя дрэвы. Пладовыя дрэвы. □ Навокал, пад дрэвамі, у траве, стаяць чырвоныя, прыгожыя мухаморы. Брыль. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі зялёны тунель. Чарнышэвіч.

2. толькі адз. Матэрыял з такой расліны, які ідзе на будаўніцтва, розныя вырабы; драўніна. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, накрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

•••

Гваздзіковае дрэва — вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства міртавых, высушаныя кветкі якога ідуць на выраб гваздзікі.

Жалезнае дрэва — тое, што і бакаут.

Камфорнае дрэва — вечназялёнае дрэва сямейства лаўровых, з якога атрымліваюць камфорны алей.

Кафейнае дрэва — тое, што і кофе (у 1 знач.).

Коркавае дрэва — дрэва сямейства рутавых, якое дае корак прамысловага значэння.

Радаслоўнае дрэва — схема ў выглядзе дрэва, якая паказвае разгалінаванне роду, сям’і.

Ражковае дрэва — трапічнае дрэва сямейства цэзальпініевых з буйнымі ядомымі карычневымі пладамі ў форме ражка, струка.

Чорнае дрэва — драўніна некаторых парод трапічных дрэў цёмнага колеру, якая ідзе на выраб мэблі і пад.

Чырвонае дрэва — драўніна некаторых трапічных парод дрэў чырвонага або карычневага колеру, якая ідзе на выраб мэблі і пад.

Тутавае дрэва — тое, што і шаўкоўніца.

За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)