КАМЕ́НСКІ (Анатоль Сяргеевіч) (16.10.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія — 31.1.1990),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскае тэатр. вучылішча (1937). З 1937 працаваў у т-рах Растова-на-Доне, у 1958—81 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначалася рэалістычнасцю і імправізацыйнасцю выканання, выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых работ: дзед Цярэшка («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Аўталік («Зімовая казка» У.Шэкспіра), Рабінзон, Барабашаў, Мурзавецкі («Беспасажніца», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Ваўкі і авечкі» А.А́строўскага), Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля), Ібрагім-аглы («Угрум-рака» паводле В.Шышкова), Філька-анархіст («Інтэрвенцыя» Л.Славіна), Курачкін («Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава), Чыжоў («Раскінулася мора шырока» У.Вішнеўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Антон Іосіфавіч) (21.7.1860 ці 1861, Вільня або маёнтак Ярылаўка Гродзенскай губ. — 12.9.1933),
графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1882—85) і ў Парыжы ў Акадэміі Жульена. Працаваў у Варшаве, Кракаве, Парыжы. Рабіў малюнкі часопісаў, ілюстрацыі да літ. твораў. Адлюстроўваў жыццё бел. народа (серыя літаграфій «Белавежская пушча»), складанасць і трагізм лёсу мастакоў («Няскончаная справа», 1894), рэв. рух 1905—07. Сярод жывапісных твораў цыкл алегарычных кампазіцый «Песня аб жыцці» (каля 1896—97), «Двор Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве» (1921) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (Э.Ажэшкі, В.Базнанскай, С.Віткевіча, С.Выспянскага, М.Канапніцкай, Г.Сянкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
А.Каменскі. Беларусачка. З серыі «Белавежская пушча». 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),
чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галацдыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.
Літ.:
Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;
Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;
Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.