ЖАЛДАКО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкі Мін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙМЕ́ННІК,
часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),
максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс.г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМО́ЎЕў граматыцы,
граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».
Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дасту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Стукаючы, дабіцца адказу. Дастукацца ў хату. Дастукацца да суседзяў. □ [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу, і ў двор да яго не так лёгка дастукацца.Сабаленка.//Разм. Дасягнуць свайго настойлівымі намаганнямі. Мікалай Камароўскі два разы ездзіў у раён.., а нічога адразу дастукацца не мог.Чорны.
2.Разм. Адмоўнымі паводзінамі наклікаць на сябе бяду, непрыемнасці. — Эх, Андрэй, Андрэй, да чаго ж ты дажыў, да чаго ж дастукаўся: ні раздолля табе, ні жазлоў, ні пуцёвак. Стой, гібей са сваёй кукушкай-свістушкай!Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.
Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 м — з некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.
Армацэментавыя канструкцыі: а — панэль хвалепадобнага профілю; б — зборна-маналітная абалонка з армацэментавых элементаў (крыты рынак «Камароўскі» ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЯПЕ́ННЕ,
нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-й пал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).
Т.В.Габрусь.
Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,
гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.
Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).
Літ.:
Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.