КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г.Каломна Маскоўскай вобл.),
бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд.гіст.н. (1964), д-рфілал.н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, П.Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ.зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990.
Тв.:
Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;
Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;
На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.
Літ.:
Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;
Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;
Батвіннік М.Б. Г.В.Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1995. № 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.