стані́ца, ‑ы, ж.

Вялікае казацкае сяло на Доне, Кубані і ў некаторых іншых абласцях. Станіца Вёшанская. □ Ішлі цяжкія абарончыя баі. А наша батарэя амаль два месяцы стрымлівала ворага пад станіцай Сіроцінскай. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да казака ​1, казакоў, належыць ім. Казацкі конь. Казацкія вусы. // Які складаецца з казакоў; які мае адносіны да войска, што складаецца з казакоў. Казацкае войска. Казацкі полк. Казацкі афіцэр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПІДО́ПЛІЧКА (Аляксандр Паўлавіч) (10.9.1907, с. Казацкае Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 1980),

бел. вучоны ў галіне батанікі і балотазнаўства. Д-р біял. н. (1963). Скончыў Кіеўскі ін-т прафес. адукацыі (1931). У 1945—78 у Ін-це торфу АН Беларусі (з 1947 заг. лабараторыі). Навук. працы па генезісе тарфяных і азёрных адкладаў.

Тв.:

Флора сфагновых (торфяных) мхов Белорусской ССР. Мн., 1948;

Торфяные месторождения Белоруссии: (Генезис, стратиграфия и районирование). Мн., 1961;

Озерные отложения Белорусской ССР: (Генезис, стратиграфия и некоторые качественные особенности). Мн., 1975.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НАЎ (Піліп Кузьміч) (26.10.1872, г. Серафімовіч Валгаградскай вобл., Расія — 2.4.1921),

удзельнік грамадз. вайны на Беларусі. Скончыў Новачаркаскае казацкае юнкерскае вучылішча (1898). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны, устанаўлення сав. улады на Доне. З сак. 1919 на Зах. фронце: пам. камандуючага і камандуючы войскамі 16-й арміі. З чэрв. 1919 на Паўд. фронце, дзе сфарміраваў Асобы казацкі корпус. За самавольнае выступленне на фронт у вер. 1919 з часцямі корпуса прыгавораны да расстрэлу, але памілаваны ВЦВК. У 1920 камандаваў 2-й коннай арміяй у баях супраць Урангеля. У лют. 1921 па лжывым даносе арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДСКА́Я УКРАІ́НА,

гістарычная вобласць у Расіі 17—18 ст. на тэр. сучасных Украіны (Харкаўская, часткі Данецкай, Луганскай і Сумскай абл.) і Рас. Федэрацыі (часткі Варонежскай, Курскай і Белгарадскай абл.). З 2-й пал. 16 ст. засялялася ўкр. казакамі і сялянамі, што ўцякалі сюды з тэр. Украіны, падуладнай Рэчы Паспалітай. Сяліліся слабодамі (адсюль назва). Казацкае насельніцтва стала называцца слабадскімі казакамі. С.У. з поўначы засялялі рус. служылыя людзі і збеглыя сяляне. З пач. 18 ст. ўрад рассяляў тут вял. групы выхадцаў з тур. уладанняў (малдаван, сербаў і інш.). У 1765 на тэр. С.У. ўтворана Слабодска-Укр. губ., якая ў 1835 перайменавана ў Харкаўскую губерню.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раздо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Шырокі, прывольны, раскінуты на вялікай прасторы. Раздольныя лугі. □ Пачыналася касьба на раздольных прырэчных лугах, рыхтаваліся да жніва. Хадкевіч. Прыедуць сябры. На зары У стэпе раздольным, цалінным — Ураз загудуць трактары, Запахне раллёй і бензінам... Вярцінскі.

2. перан. Свабодны, лёгкі. З раніцы да позняга вечара ішло ваеннае вучэнне, скончылася вольніца, раздольнае казацкае жыццё. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва укр. зямель на правым беразе р. Дняпро (без Галіцыі), што паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Ахоплівала тэр. сучасных Кіеўскай (без Кіева), Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Ровенскай і Валынскай абласцей. У 1663—1704 існавала правабярэжнае ўкр. казацкае гетманства. Пасля няўдалай вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй, у 1672—99 частка П.У. (Падолія і прылеглыя землі) належала Турцыі. На П.У. адбываліся буйныя казацка-сял. нац.-вызв. і антыфеад. паўстанні, у т. л. рух С.П.Палія (1702—04) і Калііўшчына (1768). Паводле другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай (1793) П.У. адышла да Рас. імперыі. З 1917 у складзе Украіны. У наш час назва «П.У.» ўжываецца як геагр. тэрмін.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІІ́ЎШЧЫНА,

сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.​Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.​Нежывога, А.​Журбы, І.​Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп. рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.​Р.​Шаўчэнкі «Гайдамакі».

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,

ваенна-палітычная арг-цыя ўкр. казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т. л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,

вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.​Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.​Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.​Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.​Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт. Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)