ПАЙН-ПОЙНТ (Pine Point),

свінцова-цынкавы раён у Канадзе (Паўн.-Зах. тэр.). Радовішчы стратыформныя, эпігенетычныя. Распрацоўваецца з 1964 адкрытым спосабам. Разведаныя запасы 36,3 млн. т руды з сярэдняй колькасцю свінцу 2,4%, цынку 6%. Здабываюцца таксама серабро і кадмій. Цэнтр — г. Пайн-Пойнт.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),

поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

група рэдкіх элементаў, якія не ўтвараюць уласных мінералаў. У якасці ізаморфных прымесей ёсць у мінералах больш распаўсюджаных элементаў. Да Р.э. адносяцца рубідый, скандый, галій, індый, германій, талій, селен, тэлур, кадмій, бром, ёд, гафній. Атрымліваюць пры перапрацоўцы руд інш. элементаў ці з няруднай сыравіны (напр., попелу вуглёў, адходаў каксавання). З сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюць у тэхніцы.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасці інш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛІВАН (Sullivan),

адно з буйнейшых калчадана-поліметалічных радовішчаў свету ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, каля г. Кімберлі). Адкрыта ў 1892, распрацоўваецца з 1900. Агульныя запасы 44 млн. т руды, з сярэднім утрыманнем волава 4,4%, цынку 6,1%, серабра 35 г/т. Руды пірацінавыя масіўныя і пірацін-сфалерыт-галеніт-пірытавыя палосчатыя. Паклады пластавыя ў верхнепратэразойскай дыслацыраванай тоўшчы метамарфізаваных парод. Здабыча падземным спосабам, спадарожна здабываюцца медзь, золата, свінец, кадмій, стыбій і сера.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),

чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Купрыт.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Т,

антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабіту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш. элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.​Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ ХІМІ́ЧНЫЯ, сімвалы хімічныя,

скарочаныя літ. абазначэнні элементаў хімічных і іх атамаў. Абазначаюцца першай ці першай і адной з наступных літар лац. назвы хім. элемента. Увёў шведскі хімік Ё.​Берцэліус (1814). Напр., S — cepa (Sulfur), Ca — кальцый (Calcium), Cd — кадмій (Cadmium). Для абазначэння ізатопаў да З.х. злева прыпісваюць зверху масавы лік, а знізу — атамны нумар (напр., 2040Ca, 2042Ca, 2043Ca;); для іонаў уверсе справа ад З.х. паказваюць зарад (напр., Ca​2+, S​2-). З.х. карыстаюцца пры запісе формул хімічных.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ СПЛА́ВЫ,

металічныя сплавы з т-рай плаўлення, ніжэйшай за т-ру плаўлення волава (231,9 °C). У састаў Л.с. уваходзяць у розных спалучэннях і суадносінах волава, вісмут, індый, свінец, кадмій, цынк, галій, ртуць (гл. Амальгамы) і інш. металы. Найб. пашыраныя эўтэктычныя сплавы гэтых кампанентаў (гл. Эўтэктыка), напр., сплаў Вуда (50% Bi, 25% Pb, 12,5% Sn, 12,5% Cd) плавіцца пры 68 °C. Самы легкаплаўкі з вядомых — сплаў ртуці (91,5%) і талію (8,5%) мае tпл -59 °C. Выкарыстоўваюць у якасці прыпояў, плаўкіх засцерагальнікаў, метал. замазак, матэрыялаў для ліцейных мадэляў.

Г.​Г.​Паніч.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)