Камаса́цыя ’ліквідацыя цераспалосіцы, узбуйненне дробных зямельных надзелаў’ (ТСБМ; мядз. Жыв. сл.), каміса́цыя ’хутарызацыя’ (Сцяшк.), камасава́цца ’рассяляцца на хутары (там жа). З польск. komasacja, komasować ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАМІСА́РСКІ СУД,

часовы суд у ВКЛ і Рэчы Паспалітай для разгляду зямельных прэтэнзій прыватных землеўласнікаў, манастыроў, гарадоў да трымальнікаў каралеўскіх маёнткаў. Суддзямі выступалі камісары, якіх прызначаў кароль. Судовая справа разглядалася на месцы з выклікам бакоў і сведкаў, аглядам межаў маёнтка. К.с. вызначаў межы зямельных уладанняў і пазначаў іх на мясцовасці капцамі, пра што складаўся акт. Апеляцыі на выракі К.с. падаваліся ў звычайным парадку, з 1774 — у задворны асэсарскі суд (каралеўскі трыбунал).

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ РЭ́НТА,

дадатковы прыбытак, які ствараецца ў выніку затрат працы на сярэдніх і лепшых зямельных участках пры павышэнні прадукцыйнасці ці дадатковых укладанняў капіталу і прысвойваецца ўласнікам зямлі; адна з форм зямельнай рэнты. Крыніца яе — лішак прыбавачнай вартасці, што ствараецца працай с.-г. наёмных рабочых над сярэднім прыбыткам, і ўзнікае праз больш высокую прадукцыйнасць працы на адносна лепшых зямельных участках (больш урадлівых ці размешчаных бліжэй да месца збыту або ў якія ўкладзены дадатковы капітал).

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канцэ́сія, ‑і, ж.

1. Дагавор па здачу дзяржавай у эксплуатацыю прыватным прадпрыемцам або іншаземнай фірме прамысловых прадпрыемстваў, зямельных угоддзяў і пад. Міжнародным канцэсіі. Атрымаць канцэсію.

2. Прадпрыемства, арганізаванае на аснове такога дагавору.

[Ад лац. concessio — дазвол, уступка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні галагенаў з інш. менш электраадмоўнымі элементамі. У прыродзе ўтвараюць асобныя класы мінералаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці галагенаў, шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, як кампанент шкла і інш. неарган. матэрыялаў.

Галагеніды неметалаў звычайна газы (напр., галагенавадароды, фтарыды серы) ці вадкасці (напр., хларыды серы). Галагеніды шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, а таксама мона- і дыгалагеніды інш. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, даволі тугаплаўкія і малалятучыя. Большасць крышт. галагенідаў добра раствараецца ў вадзе, акрамя фтарыдаў. Гл. таксама Браміды, Ёдыды, Фтарыды, Хларыды.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНАЕ, угайнае,

грашовы падатак сялян на Беларусі ў 16 — пач. 19 ст. за права карыстання ляснымі ўгоддзямі зямельных уласнікаў. Налічваўся залежна ад памераў сял. надзелу.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

komasacja

ж.

1. ліквідацыя цераспалосіцы; узбуйненне зямельных участкаў;

2. злучэнне, аб’яднанне

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

са́жань, -жня, мн. -жні, -жняў, м.

1. Старая беларуская і руская мера даўжыні, роўная 3 аршынам (2,13 м).

2. Колькасць чаго-н., роўная гэтай меры.

Тры сажні дроў.

3. Прылада для абмервання зямельных участкаў.

Памераць прысядзібны надзел сажнем.

Касы сажань у плячах — пра шырокага ў плячах, высокага чалавека.

|| прым. сажнёвы, -ая, -ае.

Сажнёвыя крокі (вельмі вялікія).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЗЕМЛЕЎПАРА́ДКАВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі выкарыстання зямлі як сродку вытворчасці і рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з уладаннем і карыстаннем зямлёю. У Рэспубліцы Беларусь З. заснавана на дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю і накіравана на ажыццяўленне зямельнага заканадаўства, арганізацыю землекарыстання, ахову зямель. У сістэму З. ўваходзяць: распрацоўка прагнозаў, рэсп. і рэгіянальных праграм выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў; устанаўленне на мясцовасці межаў адм.-тэр. адзінак; адвод зямельных участкаў, выяўленне новых зямель для с.-г. і інш. асваення; правядзенне тапографа-геадэзічных, картаграфічных, глебавых, геабатанічных і інш. абследаванняў і пошукаў; фарміраванне спец. фонду зямельнага запасу мясц. Саветаў і інш. У адпаведнасці з зямельным заканадаўствам прадастаўленне зямельных участкаў у валоданне, карыстанне і ўласнасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, калгасам, саўгасам і інш. дзярж., каап., грамадскім прадпрыемствам, установам і арг-цыям, а таксама іх канфіскацыя адносяцца да кампетэнцыі мясц. Саветаў. Рэсп. органам дзярж. кіравання ў галіне З. з’яўляецца Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры СМ Рэспублікі Беларусь. Дзеючым заканадаўствам прадугледжана выдача спец. дазволаў (ліцэнзій) розным суб’ектам гаспадарання (незалежна ад форм уласнасці) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці ў галіне З.

С.​У.​Скаруліс.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

камо́рнік, ‑а, м.

Спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў. Стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Панскія каморнікі перамервалі зямлю так, каб селяніну прыпала паменш і самае горшае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)