ТЭКТО́НІКА (ад грэч. tektonikos які адносіцца да будаўніцтва), геатэктоніка,

галіна геалогіі, якая даследуе структуру, рухі і дэфармацыі літасферы ва ўзаемасувязі з глыбіннымі працэсамі і развіццём Зямлі. Цесна звязана са стратыграфіяй, літалогіяй, петраграфіяй, палеагеаграфіяй, геамарфалогіяй, геафізікай, геахіміяй, касм. геалогіяй і інш. Падзяляецца на марфалагічную Т. (гл. Геалогія структурная), рэгіянальную (тэктанічныя структуры асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, акіянаў), гістарычную (гісторыя тэктанічных рухаў, этапы і стадыі іх развіцця, гл. Тэктанічны цыкл), агульную або тэарэтычную Т. (заканамернасці развіцця літасферы і яе структуры), гляцыятэктоніку, неатэктоніку, петратэктоніку, сейсматэктоніку, тэктанафізіку, параўнальную Т., тэктанічную картаграфію, актуатэктоніку (сучасныя тэктанічныя рухі), эксперыментальную (мадэліраванне механізмаў тэктанічных дэфармацый).

У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст. Гал. этапы развіцця супадаюць з гіст. этапамі геалогіі (гл. таксама Тэктанічныя гіпотэзы). Вял. ўклад. зрабілі рус. і сав. вучоныя А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, М.​М.​Цяцяеў, У.​А.​Обручаў, М.​С.​Шацкі, А.​В.​Пейве, Ю.​А.​Касыгін, А.​Л.​Яншын, У.​У.​Белавусаў, М.​У.​Муратаў, В.​Я.​Хаін і інш., шатл. Дж.​Гетан, аўстр. Э.​Зюс, швейц. Э.​Арган, франц. Г.​Э.​Ог, Р.​Обуэн, галанд. Р.В. ван Бемелен, ням. Г.​Штыле, С.​М.​Бубнаў, амер. Дж.​М.​Кей. Ф.​Кінг і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне Т. праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН, Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це ВА «Белгеалогія», ВА «Беларусьнафта» і інш. Праведзена тэктанічнае раянаванне тэр. краіны, устаноўлена будова фундамента і чахла. платформавы чахол падзелены на структурныя комплексы і паверхі, вылучаны гал. тыпы структур і фармацый, класіфікаваны разломы, саляныя структуры Прыпяцкага прагіну, вызначаны асн. рысы тэктанічнага развіцця тэрыторыі, глыбіннай будовы літасферы і навейшых тэктанічных рухаў, у т. л. галацэнавых, вывучаны гляцыятэктанічныя з’явы, распрацавана тэктанічная аснова пошукаў карысных выкапняў. Вял. ўклад зрабілі Р.Я.Айзберг, У.А.Багіна, Б.В.Бандарэнка, З.А.Гарэлік, Р.Т.Гарэцкі. Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў, У.М.Макарэвіч, А.С.Махнач, Ж.П.Хацько і інш.

Літ.:

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;

Палеотектоника Белоруссии. Мм., 1983;

Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;

Яго ж. Региональная геотектоника: Внеальпийская Европа и Западная Азия. М., 1977.

Р.​Г.​Гарэцкі, А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)