зрух, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл., зрушваць — зрушыць (у 1 знач.) і зрушвацца — зрушыцца.

2. Прыметныя змены ў чым‑н. Сіла таленту Бядулі і заключалася ва ўменні перадаць тонкія зрухі душы і багацце пачуццяў. Каваленка. // Значныя змены да лепшага ў чым‑н., значны рух наперад; прагрэс. Прыемна і радасна бачыць вялікія зрухі, што адбываюцца ва ўсёй краіне. Шынклер. 1905 год прынёс велізарныя зрухі ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. Казека.

3. Спец. Гарызантальнае змяшчэнне горных парод.

4. Дэфармацыя пругкага цела, пры якой слаі яго змяшчаюцца адзін адносна другога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Зрушвацца з месца, пачынаць рух. Паравоз рыўкамі пачаў кранацца з месца. Федасеенка. / Пра пачатак ледаходу на рацэ. Калі кранаецца лёд, пра раку гавораць як пра нешта жывое: «пайшоў», «пайшла», «ідзе». Грахоўскі. // Адпраўляцца ў дарогу, ісці або ехаць куды‑н. Нікому не хочацца па непагадзі зноў кранацца ў няблізкі свет. Лупсякоў.

2. каго-чаго. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н. Напільнік, здавалася, ледзь-ледзь кранаўся жалеза, але яно пачынала блішчаць, як люстэрка. Асіпенка.

3. чаго. Разм. Тое, што і кранаць (у 5 знач.).

4. перан. Разм. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Калі .. [Міканор] гаворыць, дык неяк яно само ў яго выходзіць, што ён гаворыць вершамі, асабліва калі кранаецца розных птушак, лугоў-мурагоў ды калінкі-малінкі... Бялевіч.

5. Зал. да кранаць (у 1–7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)