АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),

сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.

Ашарыт.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЫ́Х,

стаянка першабытнага чалавека ў пячоры каля в. Азых (Нагорны Карабах, даліна р. Куручай). У напластаваннях таўшч. каля 14 м выяўлены матэрыялы ад ранняга ашэля да мусцье, у т. л. фрагмент сківіцы самага стараж. на Каўказе выкапнёвага чалавека — азыхантрапа (сярэдні ашэль). На думку некат. даследчыкаў, знаходкі аббітых галек у ніжніх пластах стаянкі даюць падставу меркаваць пра з’яўленне тут чалавека ў эпоху олдувай.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНБУРЫ́Т (ад назвы месца першай знаходкі ў Данберы, штат Канектыкут, ЗША),

мінерал падкласа борасілікатаў, борасілікат кальцыю, Ca[B2Si2O8] Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, зярністыя агрэгаты. Бясколерны, шэра-белы, буры. Бляск шкляны. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3 г/см³. Буйныя намнажэнні ў скарнах, пашыраны ў мармурах, нізкатэмпературных жылах з кальцытам і кварцам Выкарыстоўваецца як вырабны камень і борная руда.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАРЫ́Т (назва ад месца першай знаходкіЛіпарскія астравы),

эфузіўная горная парода, якая паводле хім. саставу адпавядае граніту. Вылучаюць рознасці расшклаваныя, схаванакрышталічныя, радзей сфералітавыя. Часта з парфіравымі ўкрапінамі кварцу, палявых шпатаў, слюд і інш. Характэрна флюідальная тэкстура пароды (патокаўтваральныя палосы). Звычайна багаты вулканічным шклом (50—100%), кварцам (больш за 73%). Колер ружовы, шэры, буры. Выкарыстоўваецца для атрымання друзу і абліцовачнага каменю. Пашыраны ў вулканічных абласцях.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́ПАЛЬ (ад грэч. nekros мёртвы + polis горад),

назва могільніка ў краінах Стараж. Усходу, антычнага свету, Міжземнамор’я і Прычарнамор’я. Бываюць грунтавыя, падземныя (катакомбы), курганныя, а таксама могілкі, што маюць асаблівы статус (напр., Н. Аляксандра-Неўскай лаўры ў С.-Пецярбургу). Найб. вядомыя Н. — «Даліна цароў» у Егіпце, «Дыпілонскія могілкі» ў Афінах з надмагільнымі скульптурамі 5—4 ст. да н.э. Знаходкі ў Н. даюць уяўленне пра побыт і культуру народа.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗУВІЯ́Н (ад месца знаходкі на г. Везувій),

ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.

Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),

група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.

Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.​Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал. раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.​П.​Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)