ПЕНАБЕТО́Н,

разнавіднасць ячэістага бетону, порыстая структура якога атрымліваецца ад змешвання растворнай састаўляючай (звычайна портландцэменту з пяском і вадой) з асобна прыгатаванай пенай. Гэтая кампазіцыя потым перамешваецца з буйным порыстым запаўняльнікам.

Пена (з устойлівымі бурбалкамі дыям. да 1,5—2 мм) гатуецца з сумесі каніфольнага мыла, жывёльнага клею, алюмасульфатанафтэнаў і інш. пенаўтваральнікаў. Адрозніваюць П. цеплаізаляцыйны (выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі прамысл. установак) і канструкцыйны (для бетонных вырабаў і канструкцый). Разнавіднасці П. — пенагіпс, пенашлакабетон, пенасілікат, пенамагнезіт, пенашклобетон і інш Сумесь для П. гатуюць у пенабетонамяшалках (маюць растворазмяшальнік, пенаўзбівальнік і змяшальнік ячэістай сумесі; могуць. аб’ядноўвацца з дазатарамі шламу, вады і пенаўтваральніка).

І.​І.​Леановіч.

Устаноўка для прыгатавання пенабетону.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДАТЧЫК КАРМО́Ў, кормараздатчык,

машына для перамяшчэння кармоў (сцябліністых, сыпкіх, фармаваных, сухіх, сакавітых, вадкіх) і запаўнення імі кармушак на жывёла- і птушкагадоўчых фермах. Кармы для раздачы бяруць з кормапрыгатавальных машын.

Асн. вузлы Р.к. — бункер-сілкавальнік і кормападавальныя транспарцёры. Стацыянарныя Р.к. бываюць мех. (стужачныя, скрабалкавыя, тросашайбавыя, шнэкавыя), пнеўматычныя і гідраўлічныя. Яны непасрэдна звязваюць кармасховішчы, кармацэхі з кармушкамі ці загружаюцца з мабільных сродкаў дастаўкі кармоў. Мабільныя Р.к. (прычапныя, навясныя, паўнавясныя) перамяшчаюцца трактарамі, аўтамабілямі, акумулятарнымі цягачамі па-за памяшканнем (у поле, да сховішчаў, кармацэхаў) і ўнутры ферм, прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці ці электрарухавіка. Для раздачы кармоў выкарыстоўваюцца таксама падвесныя (манарэйкавыя) дарогі.

Раздатчыкі кармоў: 1 — стацыянарны транспарцёр-раздатчык; 2 — прычапны раздатчык-змяшальнік.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.

Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.

Літ.:

Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.

І.​І.​Леановіч.

Пнеўматычны транспарт. Прынцыповая схема ўстаноўкі нагнятальнага тыпу: 1 — паветрадуўная машына; 2 — сілкавальнік; 3 — змяшальнік; 4 — пераключальнік; 5 — аддзяляльнік; 6 — бункер.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)