ПАЛІМПСЕ́СТ (грэч. palin зноў + psao саскрабаю),

рукапіс на пісчым матэрыяле, з якога сцёрты або змыты першапачатковы тэкст. У антычнасці П. існавалі на папірусах, пазней пашыраны на пергаміне. Змест змытых тэкстаў сведчыць, што П. пераважна мелі літургічны характар. Гэты факт абвяргае думку пра наўмыснае знішчэнне царквой ератычных ці непажаданых сачыненняў. Сярод вядомых 23 слав. П. толькі 3 усх.-слав.: 2 лісты Архангельскага евангелля 1092 (Рас. дзярж. б-ка), 2 ахоўныя лісты з пераплёту Кірыла-Белазёрскага манастыра (Рас. нац. б-ка), першыя 24 лісты Савінай кнігі (Рас. дзярж. архіў стараж. актаў).

Літ.:

Гранстрем Е.Э. Славяно-русские палимпсесты // Археографический ежегодник за 1963 г. М., 1964;

Загребин В.М. О происхождении и судьбе некоторых славянских палимпсестов Синая // Из истории рукописных и старопечатных собраний. Л., 1979;

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979. С. 92—94.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас. р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс. км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)