амніёты

(н.-лац. amniota, ад гр. amnion = абалонка зародка)

вышэйшыя пазваночныя жывёлы, у якіх у працэсе эмбрыянальнага развіцця ўтвараюцца зародкавыя абалонкі — амніён і алантоіс.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПУЗЫРКО́ВАЯ КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц высокіх энергій. Прынцып дзеяння заснаваны на закіпанні перагрэтай вадкасці ў наваколлі траекторыі часціцы. Выкарыстоўваецца для рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з ядрамі вадкасці або па прадуктах іх распаду на інш. часціцы. Вынайдзена амер. вучоным Д.​Глезерам (1952).

Для вымярэння імпульсаў зараджаных часціц П.к. змяшчаюць у магн. поле. Пераграванне вадкасці ажыццяўляецца хуткім змяншэннем ціску ад пачатковага (раўнаважнага) значэння. Пры праходжанні зараджанай часціцы праз такую вадкасць уздоўж яе следу ўтвараюцца «зародкавыя» цэнтры кіпення.

Рабочая вадкасць П.к. — вадарод, у т. л. ў сумесі з неонам, прапан, фрэон, ксенон і інш.

Узаемадзеянне К-мезона ў вадкавадароднай пузырковай камеры з пратонамі, у выніку якога нараджаюцца часціцы Σ​+, K​+, π​+, π​, K​0, якія распадаюцца на π​+- і π​-мезоны.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Ануфрыевіч) (19.11.1840, с. Шусцянцы Прэйльскага р-на, Латвія — 22.11.1901),

расійскі біёлаг, эмбрыёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў параўнальнай эмбрыялогіі і фізіялогіі беспазваночных жывёл, эвалюцыйнай і эксперым. гісталогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Брат У.А.Кавалеўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1863). Праф. Казанскага (з 1868), Кіеўскага (з 1869), Новарасійскага ў Адэсе (з 1874) і Пецярбургскага (у 1891—94) ун-таў; дырэктар Севастопальскай біястанцыі (у 1892—1901). Навук. працы пра агульныя заканамернасці развіцця пазваночных і беспазваночных жывёл: пашырыў на беспазваночных вучэнне пра зародкавыя лісткі і залажыў асновы адзінай тэорыі зародкавых лісткоў для ўсіх прадстаўнікоў жывёльнага свету, адзначыў іх эвалюц. падабенства. Адкрыў фагацытарныя органы ў беспазваночных і вызначыў іх ролю ў метамарфозе насякомых. Працы К. і І.Л.Мечнікава леглі ў аснову філагенетычнага кірунку ў эмбрыялогіі.

Тв.:

Избр. работы. М., 1951.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)