ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры, сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст. н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст.асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл. Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт. Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц. нар. жыллі і гасп. пабудовах.

С.А.Сергачоў.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прычо́лак1 ’скат чатырохскатнай страхі над папярочнай сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.), прычо́лак, прічо́лок, прычо́лкі ’сярэдні скат трохсотай страхі, звычайна з задняга боку будынка’, ’страха над тарцовай сцяной будынка’ (ельск., Шушк.; ТС), прычі́лок, прычо́лак, прычо́лкі ’франтон’ (іван., нараўл., гродз., ДАБМ, 778), прычо́лакзакот (з саломы, дошак, шыферу)’ (Ян.), ’франтонная частка страхі’, ’ніжняя частка франтона’ (карэліц., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.), ’частка страхі, якая звісае над сцяной; напуск, стрэшка (з саломы)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), прычо́лак ’вільчык’ (лід., барыс., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), прычі́лок ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. приче́лок, дыял. паўдн. ’франтон; выступ франтона’; ’скат страхі, даху’; ’тарцовы бок сцірты’; укр. причі́лок ’бакавая сцяна хаты; бок страхі, франтон’; ’бакавая сценка куфра’, польск. przyczółek ’франтон’, славен. pričélek ’гладкая паверхня каменя на сячэнні’. Прэфіксальна-суфіксальны дэрыват ад чало́ (гл.). Параўн. Банькоўскі, 2, 931.

Прычо́лак2 ’выступ каля коміна печы’ (Сцяшк.). Далейшае развіццё семантыкі ў прычо́лак ’прыбудова, прысценак, трысцень’ (ТС). Рус. дыял. приче́лок ’выступ каля коміна печы’; ’палічка пры ўваходзе ў камору са спускам у склеп, якая знаходзіцца каля печы’ і г. д., укр. причі́лок ’край, канец чаго-небудзь’. Этымалагічна тое ж, што і прычолак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоб1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч.Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб1 (гл.).

Лоб3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж.закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб1 (гл.). Параўн. таксама лабак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)