Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Рэнтгенаўская дэфектаскапія 4/371; 9/264
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
метад неразбуральнага кантролю якасці вырабаў пры прасвечванні іх гама-выпрамяненнем. Заснаваны на залежнасці паглынання пранікальнага выпрамянення ад структуры матэрыялу. Дазваляе выявіць унутр. будову, наяўнасць, канфігурацыю і каардынаты дэфектаў у вырабах таўшчынёй да 250 мм. Вымярэнні праводзяць фотарадыеграфічным (найб. пашыраны), іанізацыйным, тэлевізійным і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца ў судна- і авіябудаванні, металургіі, на буд-ве нафта- і газаправодаў і інш.Гл. таксама Дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАЧЫРВО́НАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
метад дэфектаскапіі, заснаваны на выкарыстанні інфрачырвонага выпрамянення. Дэфекты ў вырабе, які кантралюецца, знаходзяць па рознасці тэмператур паблізу дэфектнага месца і суседніх бездэфектных участкаў. Пры І.д. вырабы награюць, і тады яны выпраменьваюць інфрачырвоныя прамяні (фіксуюцца і вымяраюцца фотаэлементамі, фотарэзістарамі, балометрамі і інш.). Выкарыстоўваецца ў машына- і прыладабудаванні, электроннай тэхніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
выяўленне дэфектаў розных метал. і неметал. матэрыялаў з дапамогай ультрагуку, разнавіднасць акустычнай дэфектаскапіі. Засн. на здольнасці ультрагукавых ваганняў пашырацца ў цвёрдых асяроддзях на вял. глыбіню без прыкметнага аслаблення і адбівацца ад мяжы падзелу двух асяроддзяў. Выкарыстоўваецца пры неразбуральным кантролі розных дэталей і механізмаў. Дае магчымасць выяўляць трэшчыны, ракавіны, расслаенні, месцы карозіі і інш. дэфекты, кантраляваць якасць зварных швоў, вымяраць таўшчыню вырабаў, пакрыццяў і інш. Прапанавана ў 1928 (рас. вучоны С.Я.Сакалоў).
Найб. пашыраны ультрагукавы рэхаметад: рэгістрацыя амплітуды і часу паступлення адбітых ад дэфекту рэхасігналаў на экране манітора. Існуюць таксама ценявы метад (заснаваны на аслабленні дэфектамі інтэнсіўнасці пругкіх ваганняў), рэзанансны (на ўзбуджэнні ў вырабе пругкіх ваганняў і вызначэнні частаты, на якой узнікае рэзананс) і інш. Для У.т. выкарыстоўваюць ультрагукавыя дэфектаскопы, якія складаюцца з генератара эл. імпульсаў, п’езаэлектрычнага пераўтваральніка, узмацняльніка эл. ваганняў і індыкатара.
На Беларусі навук. даследаванні па У.д. (ультрагукавы метад з выкарыстаннем магн. вадкасці і інш.) вядуцца ў Ін-це прыкладной фізікі і Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі і інш.
Літ.:
Ермолов И.Н. Теория и практика ультразвукового контроля. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
універсальны метад неразбуральнага кантролю, заснаваны на выкарыстанні акустычных хваляў. У працэсе кантролю аналізуюцца амплітудныя, фазавыя, частотныя і інш. характарыстыкі акустычных хваляў, узбуджаных вонкавай крыніцай (актыўны метад) або матэрыялам, які кантралюецца (пасіўны метад). Парушэнне суцэльнасці (расколіны, ракавіны і інш.) або аднароднасці (вял. зярністасць і інш.) матэрыялу прыводзіць да скачкападобнай або плаўнай змены яго акустычных характарыстык (скорасці і каэфіцыента затухання гуку, хвалевага супраціўлення) і ўплывае на ўмовы распаўсюджвання пругкіх хваляў. Выкарыстоўваецца для кантролю матэрыялаў і вырабаў у машына- і прыладабудаванні, зварачнай вытв-сці, буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
адзін з метадаў дэфектаскапіі, заснаваны на рэгістрацыі магнітных палёў рассеяння на дэфектах або на выяўленні магн. уласцівасцей вырабаў, якія даследуюцца. Ажыццяўляецца з дапамогай магн.дэфектаскопаў, што ствараюць магн. палі вял. напружанасці і маюць прыстасаванні для размагнічвання вырабаў. Выкарыстоўваецца ў розных галінах прам-сці.
У зонах дэфектаў (трэшчын, немагн. уключэнняў і інш.) рэзка змяняюцца параметры магн. поля рассеяння, што фіксуецца рознымі метадамі: магнітна-парашковым (часцінкі магн. парашку або суспензіі асядаюць на краях дэфекту), магнітна-люмінесцэнтным (часцінкі парашку з люмінафорамі свецяцца пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў), феразондавым (магнітна адчувальнымі феразондамі вымяраюць слабыя магн. палі або іх градыенты), магнітаграфічным (прыкладзеная да вырабу магн. стужка намагнічваецца ў рознай ступені ў дэфектных і бездэфектных зонах).