наву́шнікі, ‑аў; адз. навушнік, ‑а, м.
1. Частка шапкі, якая адкладаецца на вушы, або спецыяльнае прыстасаванне для засцярогі вушэй ад холаду. Міхась ходзіць з голымі рукамі, хоць рукавіцы ў кішэні, грудзіна заўсёды расхрыстаная, у самы вялікі мароз не апусціць навушнікаў у шапцы. Дамашэвіч.
2. Прылада для слухання гукаперадач, якая складаецца з двух слыхавых апаратаў, што надзяваюцца на вушы. Сяргей яшчэ некалькі разоў перадаў пазыўныя, паслухаў і нервова зняў навушнікі. Няхай. Каля стала белагаловы хлапчук круціць дэтэктарны прыёмнік і нешта слухае ў навушніках. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыёмнік, ‑а, м.
1. Апарат для прыёму сігналаў, мовы, музыкі, адбіткаў, які выкарыстоўваецца ў электрасувязі, радыётэхніцы, тэлемеханіцы. Прыёмнік электрамагнітных хваль. Шумавы прыёмнік. // Апарат для прыёму радыёвяшчальных перадач; радыёпрыёмнік. Транзістарны прыёмнік. □ Ледзь чутна гучэла прыгожая музыка — працаваў прыёмнік. Шамякін. [Надзя:] — У яе няма ніякага радыё. Дык Міколка аддае свой старэнькі прыёмнік. Хомчанка.
2. Прыстасаванне для прыёму, збірання чаго‑н. Прыёмнік для сцёкавых вод. □ Праз нейкі час пачалі балець плечы, лёгкая драўляная лапата рабілася ўсё цяжэйшай і цяжэйшай, а ў прыёмнік транспарцёра ішоў ужо не такі густы струмень. Дамашэвіч.
3. Установа, якая часова прымае каго‑н. для далейшага размеркавання. Дзіцячы прыёмнік. Вайсковы прыёмнік. □ — Ізаляваць хіба яго [Андрэя Андрэевіча], адаслаць на прыёмнік, няхай на Салаўкі зноў... Лынькоў.
•••
Дэтэктарны прыёмнік — самы просты радыёпрыёмнік, звычайна з крышталічным дэтэктарам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)