БАНДАРЭ́НКА (Валерый Мікалаевіч) (н. 1.1.1946, в. Малая Сазанка Амурскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага ў Маскве (1967). З 1975 у Рускім драм. т-ры Беларусі. Увасобленыя ім вобразы вызначаюцца паглыбленым псіхалагізмам, адметнай выканаўчай манерай: Гужа («Знак бяды» паводле В.Быкава), Азазэла («Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава), Косач («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Клаўдзій, Макдуф («Гамлет», «Макбет» У.Шэкспіра), Мэкі-Нож («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Крыспэн («Адзіны нашчадак» Ж.Ф.Рэньяра) і інш. Здымаецца ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАЧКО́ВА (Валянціна Цімафееўна) (н. 21.5.1939, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Пасля сканчэння студыі Бел.т-ра імя Я.Коласа (1958) працуе ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., камедыйных, вострахарактарных роляў. Створаныя ёй вобразы адметныя яркім знешнім малюнкам, пластычнай выразнасцю і псіхал. дакладнасцю характарыстык. Сярод роляў: Еўга Бабук («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Ганна («Вечар» А.Дударава), Марфа («Улада цемры» Л.Талстога), Цыепа («Вей, ветрык!» Я.Райніса), Смеральдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Сойка («Доктар філасофіі» Б.Нушыча) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг.муз. часткі Брэсцкага абл.т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.Пракаповіча і А.Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1981), «Вечар» А.Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка (1987), «Машэка» М.Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.Горына (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКІ (Валерый Мікалаевіч) (н. 20.6.1939, Мінск),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. дзеяч маст. Беларусі (1976). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 у Нац. т-ры імя Я.Купалы (з 1973 гал. рэжысёр, з 1991 маст. кіраўнік). Адначасова выкладае ў Бел.АМ (з 1996 праф.). Творчасць Р. адметная паэтычнасцю, метафарычнасцю, філас. абагульненнямі, спалучэннем выразнай сцэн. формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Сярод пастановак у т-ры імя Я.Купалы: «Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта (1969), «Трыбунал» (1971), «Святая прастата» (1976) і «Пагарэльцы» (1980) А.Макаёнка, «Лесвіца славы» Э.Скрыба (1972), «Вясёлы тракт» Б.Васільева (1973), «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1974; 2-я рэд. 1983), «Апошні шанц» В.Быкава (1974), «Характары» паводле В.Шукшына (1975), «Эшалон» М.Рошчына (1976), «Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана (1979, апошнія тры з А.Андросікам), «Святая святых» І.Друцэ, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (абедзве 1977), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «Закон вечнасці» Н.Думбадзе (1981), «Рэвізор» М.Гогаля (1982), «Парог» (1983), «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985), «Князь Вітаўт» (1997), «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.Дударава, «Бура» У.Шэкспіра (1986), «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (1989), «Цынкавыя хлопчыкі» С.Алексіевіч і Р. (1991), «Тры сястры» А.Чэхава, «З нагоды мокрага снегу» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1992), «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата (1996) і інш. Паставіў спектаклі ў Гомельскім абл.драм. т-ры: «Страсці эпохі» паводле рамана «Завеі. Снежань» І.Мележа (1989), «Суцяшальнік удоў» Д.Марота і Б.Рандоне (1998), «Каханая, павінен я памерці» паводле Э.Растана (2000) і інш. Ажыццяўляе пастаноўкі таксама ў т-рах Расіі — «Характары» паводле Шукшына (Т-р камедыі, Ленінград, 1977), «Парог» Дударава (Якуцкі драм.т-р, 1987), «Надзежда Путніна, яе час, яе спадарожнікі» І.Малеева (Т-р на Малой Броннай, Масква, 1988), «Суцяшальнік удоў» Марота і Рандоне (Рус.драм. башкірскі т-р, Уфа, 1999); Украіны — «Паўлінка» Я.Купалы (Кіеўскі драм.т-р імя І.Франко, 1982); Польшчы — «З нагоды мокрага снегу» (1991), «Рэвізор» (абодва Т-р імя А.Венгеркі, Беласток, 1993); Славеніі — «Зацюканы апостал» Макаёнка (Славенскі нац.т-р, Марыбар, 1984); Эстоніі — «Рэвізор» (Рускі т-р, Талін, 1986); Паўн. Ірландыі — «Парог» Дударава (т-р «Luryc», Белфаст, 1989) і інш. На Бел. тэлебачанні паставіў спектакль «Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.Купалы (1971), фільм-спектакль «Апошні шанц» паводле Быкава (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ЦКІ (Фама Сільвестравіч) (н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына); у т-ры імя Я.Купалы: Салянік («Радавыя» А.Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.Горына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Сорын («Чайка» А.Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІЁНІС, Банёніс (Banionis) Данатас Юозавіч (н. 28.4.1924, г. Каўнас), літоўскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Літвы (1973), нар.арт.СССР (1974). Скончыў драм. студыю пры Панявежскім т-ры (1946), у якім працуе з 1940 (з 1980 гал. рэжысёр, з 1984 дырэктар і маст. кіраўнік). Драм. акцёр, стварыў па-філасофску абагульненыя, псіхалагічна дакладныя вобразы: Тэсман («Геда Габлер» Г.Ібсена), Ломен («Смерць коміваяжора» А.Мілера), Эдгар («Танец смерці» А.Стрындберга), Брукас («Піюс не быў разумны» Ю.Грушаса) і інш. Сярод пастановак: «Амадэус» П.Шэфера, «Вечар» А.Дударава. З 1959 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (Дзярж. прэмія СССР 1967), «Мёртвы сезон», «Гоя», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977, «Салярыс» і інш. Яго творчасці прысвечаны фільмы «Я — бедны кароль» і «Майстар з маленькага горада». Дзярж. прэмія Літвы 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБАШЫ́НСКІ (Павел Піліпавіч) (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). Працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.