помнік архітэктуры 17 ст. Пабудаваны ў 1617 у в. Крамяніца-Дольная (цяпер в. Крамяніца) Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. віцебскім кашталянам М.Вольскім у стылі рэнесансу. У канцы 18 ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму. Мураваны аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем накрыты дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэйшы). Сцены ўмацаваны верт. контрфорсамі і прарэзаны аконнымі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Гал. фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі. У інтэр’еры скульпт. мармуровае надмагілле фундатараў касцёла ў стылі рэнесансу і разны алтар 1-й пал. 17 ст. У нішы 2 гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая ў рыцарскім адзенні, яго жонкі Барбары ў манаскім уборы) адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Арх. аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі. Каля касцёла званіца 2-й пал. 18 ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус Крамяніцкага кляштара канонікаў латэранскіх.
А.К.Лявонава, А.А.Ярашэвіч.
Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.Надмагілле Вольскіх у Крамяніца-Дольнаўскім Георгіеўскім касцёле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.
На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 31,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Карэлічы; г.п.Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.
Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс.га, з іх асушаных 15,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в.Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в.Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в.Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм. т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.