НЕ́ЎРАЎ Мікалай Васілевіч (1830, Масква — 16.5.1904),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл. Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.​Р.​Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.​С.​Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.

Літ.:

Н.​В.​Неврев: [Альбом]. М., 1964.

В.​Д.​Бабровіч.

М.Неўраў. Торг. 1866.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́К Валерый Уладзіміравіч (н. 20.8.1956, в. Бор Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (гіравы спорт, армрэстлінг, паўэрліфтынг). Майстар спорту СССР па гіравым спорце (1989). Майстар спорту Беларусі міжнар. кл. (1999). Засл. трэнер Беларусі (1994). Суддзя міжнар. катэгорыі (2000). Скончыў БДУ (1994), Бел. акадэмію фіз. культуры (2003). З 1990 ст. трэнер фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Даўгалецце», з 1993 інструктар-метадыст прадпрыемства «Атлант». Займаўся цяжкай атлетыкай (штанга, 1978—85) у спарт. клубе «Трактар». Чэмпіён свету па гіравым спорце сярод ветэранаў (1998, г. Ліпецк, Расія), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па армрэстлінгу сярод ветэранаў (1998, Каір). Чэмпіён Еўропы па армрэстлінгу сярод ветэранаў (1999, г. Рашфор, Бельгія) і сярэбраны прызёр сярод ветэранаў (1997, г. Попрад, Славакія; 1998, г. Паланга, Літва). Неаднаразовы чэмпіён Беларусі па гіравым спорце. Падрыхтаваў 3 засл. майстроў спорту і 12 майстроў спорту міжнар. кл. па армрэстлінгу, 42 майстроў спорту па армрэстлінгу, паўэрліфтынгу і гіравым спорце.

А.​А.​Дубовік.

В.У.Бабук.

т. 18, кн. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

павялі́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

1. Зрабіць большым па колькасці, велічыні, аб’ёму. Павялічыць плошчу пасеву. Павялічыць прадукцыйнасць працы. □ Сонца павялічыла цень чалавечы на цэлую галаву. Мурашка.

2. Зрабіць большым па сіле, інтэнсіўнасці, ступені. Адзін толькі .. [Максім] раскажа .. [Веры] пра ўсё, бо адны хаваюць праўду, шкадуючы яе, другія хлусяць, імкнучыся павялічыць яе гора. Машара. [Гастэла] павялічыў даўгалецце сваёй радзіме дарагой. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.​П.​Боткіна, І.​І.​Мечнікава, І.​П.​Паўлава, А.​А.​Багамольца, А.​В.​Нагорнага, Дз.​Ф.​Чабатарова, англ. Б.​Стрэлера, А.​Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.​М.​Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.​П.​Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.​Р.​Гацко.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)