дый, злуч. (разм.).
1. спалучальны. Злучае члены сказа, што абазначаюць паслядоўныя з’явы, па знач. набліжаецца да злучнікаў «і», «ды».
Узяў сякеру дый падаўся ў лес.
2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць або абагульняюць папярэднія думкі.
Стаю адзін дый думаю.
А я вазьму дый раскажу аб усім.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прычы́м, злучнік далучальны.
Пры гэтым, да таго ж. Немцы чамусьці не спыніліся ў мястэчку, а на поўнай хуткасці паляцелі далей, прычым падаліся не зручнай лесавой дарогай, а палявымі прасёлкавымі дарогамі. Лынькоў. Другія суткі ўжо бушуе завіруха. Прычым снегу і без таго многа. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адно́.
1. ліч., гл. адзін.
2. часц. абмежавальная. Толькі, выключна (разм.).
Дзеці цэлы дзень а. гуляюць.
3. часц. ўзмацн. Узмацняе нечаканасць, раптоўнасць наступлення дзеяння (разм.).
Гляджу — а. ж зноў паваліў снег.
4. злуч. супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (разм.).
Дом добры, а. што халодны.
5. злуч. далучальны. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі (разм.).
Ягад многа, а. еш на здароўе.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ды¹, злуч.
1. спалучальны. Ужыв. для сувязі аднародных членаў сказа і цэлых сказаў; адпавядае па знач. злучніку «і».
Дзень ды ноч.
Журботна гудзелі правады ды стукалі вароты.
2. далучальны. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, развіваюць ці паясняюць раней выказаную думку.
Пайшоў снег, ды яшчэ які снег.
3. супраціўны. Ужыв. для далучэння сказаў або асобных членаў сказа са знач. супрацьпастаўлення; блізкі па знач. да злучнікаў «але», «аднак».
Людзі паміралі, ды не спынялі барацьбы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прыты́м, злучнік далучальны (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі і, ды, а).
Да таго ж, акрамя таго. Так у Малінаўцы з’явіўся новы гаспадар, і прытым не абы-які. Чарнышэвіч. [Валодзя:] — Ведаць .. [Кастуся] я ведаю, але думаю, што вопыту ў яго мала. [Максім:] — У Андрэя вопыту не больш, прытым і характарам ён мяккаваты. Машара. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа, (пасля галосных) ж.
1. злуч. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі супрацьпастаўлення.
Мне гаворыць адно, сам жа робіць другое.
2. злуч. далучальны. Ужыв. для далучэння сказаў з паведамленнем дадатковага або тлумачальнага зместу.
Вядзі нас, ты ж ведаеш дарогу.
3. часц. узмацн. Ужыв. для ўзмацнення значэння папярэдняга слова або сэнсу таго, што выказваецца.
З кім жа ён застанецца?
4. часц. Ужыв. пасля займеннікаў і прыслоўяў, каб падкрэсліць падабенства, супадзенне, аднолькавасць.
Яны прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка.
Той жа.
Тады ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
або́, злуч.
1. размеркавальны. Ужыв. для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх.
Або заўтра, або паслязаўтра.
Або пан, або прапаў (прыказка). Пашукай на паліцы або ў шафе.
Дрыгва зацягне кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок.
2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні.
Каго ты ні вазьмі, дык гэта або матэматык, або фізік, або хімік.
3. далучальны. Ужыв. для злучэння розных назваў аднаго і таго ж паняцця, для паяснення, у знач. іншымі словамі, гэта значыць.
Берагавыя ластаўкі, або беражанкі, спрытна ляталі над вадой.
4. у знач. пыт. часц. Ужыв. ў пачатку пытальных сказаў у знач. хіба?, няўжо? (разм.).
Або ты не ведаеш пра гэта?
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ці, злуч. і часц.
1. злуч. размеркавальны. Ужыв. для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх.
Заўтра будзе дождж ці снег.
Хлопчыку гадкоў пяць ці шэсць.
2. злуч. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае сказы і члены сказа пры пералічэнні.
Ці рана, ці позна, ці зусім не прыйдзе.
3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то».
4. злуч. далучальны. Ужыв. для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару.
Рукі выціралі скарачом ці, як яго яшчэ называюць, трапкачом.
5. злуч. падпарадкавальны. Ужыв. пры даданых сказах з ускосным пытаннем.
Мы падумалі, ці не збіраецца на дождж.
6. часц. пыт. Узмацняе пытальны характар.
Ці зразумеюць яны нас?
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
іна́кш, прысл. і злучн.
1. прысл. Тое, што і іначай (у 1 знач.). Ужо зусім інакш, сустракалі назаўтра хлопцы сясцёр. Грахоўскі. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш. Маўр.
2. злучн. супраціўны. Тое, што і іначай (у 2 знач.). Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа нават такі, як бітва пад Барадзіно.., інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі. Шамякін.
3. злучн. далучальны. Далучае члены сказа, якія растлумачваюць змест папярэдніх слоў ці сказаў. [Бабручыха] была баба, як кажуць, набожная — кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль.
•••
Інакш кажучы гл. кажучы.
Так ці інакш гл. так.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дый, злучнік.
Разм.
1. спалучальны. Злучае звычайна члены сказа, якія абазначаюць паслядоўныя з’явы; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «і», «ды». Палазіў Якуш ля воза, выцягнуў рыдлёўку, узяў сякеру дый падаўся [у лес]. Скрыган.
2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць, завяршаюць або абагульняюць папярэднія думкі. Дома практыкавацца .. [Аксёну Калю] няма калі, дый нязручна. Колас. Развітаўшыся з Захарам, Андрэй палявымі дарогамі пайшоў, кіруючыся да Апанаса Хмеля. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяе. Пестрак. Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо ў пяцідзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. Чорны. // Ужываецца пры нечаканых пераходах да наступных падзей. — Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Колас.
•••
Дый то — тое, што і ды і то (гл. ды 1).
Дый толькі — тое, што і ды і толькі (гл. ды 1).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)