усячэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. усячы.
2. У граматыцы, літаратуразнаўстве — скарачэнне слова або верша ў канцы, а таксама само слова або верш з такім скарачэннем. Дактыль з усячэннем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
антыда́ктыль
(гр. antidaktylos = зваротны дактыль)
тое, што і анапест.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНАКРУ́ЗА, анакруса (грэч. anakrusis літар. адштурхоўванне),
слабыя (ненаціскныя) склады перад першым метрычным націскам. У сілабатанічным вершаскладанні ў залежнасці ад метра анакруза бывае нулявая (харэй, дактыль), 1-складовая (ямб, амфібрахій) і 2-складовая (анапест). Унутраная структура роднасных памераў (1- і 2-складовых) аднолькавая, адрозніваюцца толькі анакрузы, што паказвае на яе рытмічнае значэнне. На гэтым заснаваны радковыя лагаэды — 2- і 3-складовыя памеры з раўнамерным чаргаваннем анакрузы (напр., у паэмах Я.Купалы «Яна і я», «Безназоўнае»). Анакруза часам наз. звышсхемныя ненаціскныя склады на пачатку вершаваных радкоў.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́Р ВЕРШАВА́НЫ,
спосаб арганізацыі гукавога складу асобнага вершаванага твора ці яго ўрыўка (у выпадку паліметрыі). У метрычным вершаскладанні вызначаецца раўнамерным чаргаваннем доўгіх і кароткіх складоў, у сілабічным вершаскладанні — колькасцю складоў (8-складовік, 10-складовік), у танічным вершаскладанні — колькасцю націскаў (верш 3-націскны, 4-націскны), у сілаба-танічным вершаскладанні — колькасцю і якасцю асобных складоў у стапе (2-складовыя — харэй і ямб, 3-складовыя — дактыль, амфібрахій, анапест). Функцыянальна П.в. непасрэдна звязаны з агульным выяўл. патэнцыялам верша, арыгінальнасцю і навізной яго паэт. формы.
Літ.:
Гл. пры арт. Вершаскладанне.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
усе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад усячы, усекчы.
2. у знач. прым. Спец. Такі, верхняя частка якога адсечана плоскасцю, паралельная да асновы. Усечаны конус.
3. у знач. прым. У граматыцы і літаратуразнаўстве — з усячэннем (у 2 знач.). Усечаная абрэвіятура. Усечаны верш. Усечаны дактыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыме́тр
(гр. trimetron, ад treis = .тры + metron = мера)
трохстопны верш любога памеру (ямб, харэй, дактыль).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
daktyl
I м.
фінік;
~e suczone — сушаныя фінікі
II м. літ.
дактыль
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),
антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (-́-́), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):
З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
(2-і і 4-ы радкі — П.).
В.П.Рагойша.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіпердактылі́чны
(ад гіпер + дактыль);
г-ая рыфма — рыфма, у якой пасля апошняга націскнога склада ідуць тры і больш ненаціскных складоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),
вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).
Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.
Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.
В.П.Рагойша.
т. 5, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)