мюо́ній
[ад мю(он) + (элехтр)он]
фіз. нестабільная сістэма з дадатна зараджанага мюона і электрона, па структуры аналагічнай атаму вадароду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МАС-СПЕКТРАМЕ́ТРЫЯ, мас-спектраскапія, мас-спектральны аналіз,
фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю М.-с. дадзены англ. фізікам Дж.Дж.Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).
Пры М.-с. даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці інш. спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных часціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад. Найб. шырока М.-с. выкарыстоўваюць у арган. хіміі для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і колькаснага аналізу складаных сумесей арган. злучэнняў.
Літ.:
Вульфсон Н.С., Заикин В.Г., Микая А.И. Масс-спектрометрия органических соединений. М., 1986;
Чепмен Д. Практическая органическая масс-спектрометрия: Пер. с англ. М., 1988.
В.П.Собач.
т. 10, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
катые́н
(гр. kation = які ідзе ўніз)
дадатна зараджаны іон, які ў час электролізу рухаецца да адмоўнага электрода (катода).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АТМАСФЕ́РНАЯ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ,
1) сукупнасць электрычных з’яў і працэсаў у атмасферы Зямлі (эл. поле атмасферы, іанізацыя паветра, эл. зарады воблакаў і ападкаў, эл. токі і разрады ў атмасферы і інш.). Каля зямной паверхні існуе стацыянарнае эл. поле; Зямля мае адмоўны зарад, атмасфера ў цэлым зараджана дадатна. У трапасферы ўсе воблакі і ападкі, пыл і інш. завіслыя часцінкі электрычна зараджаны. Атмасферная электрычнасць — прычына ўтварэння маланак, агнёў святога Эльма (свячэнне на вастрыях званіц, мачтаў і інш.), з ёй звязаны палярныя ззянні.
2) Раздзел фізікі атмасферы, які вывучае гэтыя з’явы.
т. 2, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).
А.Ф.Санько.
т. 3, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл. Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.
т. 7, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗА́ЦЫЯ,
утварэнне дадатна або адмоўна зараджаных часціц (іонаў) і свабодных электронаў з эл. нейтральных атамаў ці малекул. Адбываецца ў рэчыве пад уплывам моцнага эл. поля, высокіх т-р, а таксама ад дзеяння ўдараў хуткіх зараджаных часціц і фатонаў у выніку таго, што атам ці малекула набывае лішкавую энергію, дастатковую для вылучэння электрона.
Пры І. газу з атамаў або малекул узнікаюць дадатны іон і свабодны электрон, якія застаюцца свабоднымі ці далучаюцца да інш. нейтральных атамаў або малекул, утвараючы комплексныя іоны. І. ў цвёрдых целах — пераход электронаў з атамаў асн. рэчыва ці з прымесных цэнтраў у зону праводнасці. Гл. таксама Зонная тэорыя, Электраправоднасць.
т. 7, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАО́КА (Хантара) (18.8.1865, г. Нагасакі, Японія — 11.12.1950),
японскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы японскіх фізікаў. Чл. Японскай АН, яе прэзідэнт (1939—48). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1930). Скончыў Такійскі ун-т (1887), дзе і працаваў да 1926 (з 1896 праф.), адначасова ў 1917—46 у Ін-це фіз. і хім. даследаванняў. Навук. працы па электрычнасці і магнетызме, атамнай фізіцы і спектраскапіі. Прапанаваў мадэль «атама тыпу Сатурна» (дадатна зараджанае ядро, вакол якога верціцца кальцо электронаў; 1904), што лічыцца папярэдніцай планетарнай мадэлі атама Рэзерфарда.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 376—378.
А.І.Болсун.
т. 11, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
а́там
(гр. atomos = непадзельны)
часціца рэчыва, найдрабнейшая частка хімічнага элемента, якая захоўвае яго ўласцівасці; складаецца з дадатна зараджанага ядра і адмоўна зараджаных электронаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Р.М.Шахлевіч.
т. 7, с. 603
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)