ДЭЗАМІНА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідроліз C—N-сувязі, адрозныя ад пептыднай. Пашыраны ў прыродзе, многія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні канчатковых прадуктаў азоцістага абмену. У выніку рэакцый, што працякаюць з удзелам Д., утвараецца аміяк ці мачавіна, адбываецца распад кольцаў цыклічных амідзінаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз. Выяўлены ў чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у засваенні тлушчу, каталізуюць гідроліз складанаэфірных сувязей у трыгліцэрыдах з утварэннем тлушчавай к-ты і гліцэрыну. У млекакормячых знаходзяцца пераважна ў соку падстраўнікавай залозы, функцыянуюць у кішэчніку і страўніку. Уздзейнічаюць на тлушчы, эмульгаваныя солямі жоўцевых кіслот.

С.​С.​Ермакова.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕПТЫДА́ЗЫ,

пратэалітычныя ферменты, якія адшчэпліваюць канцавыя амінакіслотныя астаткі ад малекул бялкоў і пептыдаў. У адпаведнасці з характарам уздзеяння на субстраты адрозніваюць амінапептыдазы (адшчэпліваюць амінагрупу), дыпептыдазы (каталізуюць гідроліз дыпептыдаў да свабодных амінакіслот) і карбоксіпептыдазы (адшчэпліваюць карбаксільную групу). У страўнікава-кішачным тракце сумеснае дзеянне групы П. раскладае бялкі ежы да свабодных амінакіслот.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карбаксіпептыда́зы

[ад карба- + аксі(ген) + пептыдазы]

група ферментаў, якая абумоўлівае ступеньчаты гідроліз бялкоў і поліпептыдаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЕЙКАПЛА́СТЫ (ад грэч. leukos белы + plastos вылеплены, створаны),

бясколерныя пластыды ў расліннай клетцы. Адрозніваюцца формай і функцыямі. У Л. знаходзяцца ДНК, рыбасомы, ферменты, што ажыццяўляюць сінтэз і гідроліз назапашаных рэчываў. Бываюць амілапласты (у іх знаходзіцца другасны крухмал), элаяпласты (ёсць алей), пратэінапласты (маюць бялок). Часам у адным Л назапашваюцца розныя рэчывы. Здольныя пераўтварацца ў хларапласты, радзей у храмапласты.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЛУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял. вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАЗІНТРЫФАСФАТА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць адшчапленне астатку фосфарнай к-ты ад малекулы адэназінтрыфосфарнай кіслаты. Належаць да класа гідралаз. Пашыраны ў жывых клетках, асабліва ў іх мембранных структурах. Забяспечваюць вылучэнне і выкарыстанне энергіі макраэргічных сувязяў АТФ для забеспячэння розных працэсаў жыццядзейнасці. У раслін ёсць адэназінтрыфасфатазы, якія каталізуюць адшчапленне ад АТФ двух астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены таксама адэназінтрыфасфатазы, пры ўдзеле якіх ажыццяўляецца гідроліз АТФ на адэназінмонафасфат і пірафасфат (АТФ-пірафасфатазы).

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гліказіда́зы

(ад гліказіды)

ферменты класа гідралазаў, якія каталізуюць гідралітычнае (гл. гідроліз) расшчапленне гліказідаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭКСТРЫ́НЫ,

высокапалімерныя рэчывы поліцукрыднай прыроды, якія ўтвараюцца пры частковым гідролізе крухмалу і глікагену. Гідроліз бывае ферментатыўны (пры ўдзеле α- і β-амілаз) і неферментатыўны (пры ўздзеянні кіслот, шчолачаў, тэмпературы). На першай яго стадыі ўтвараюцца аміладэкстрыны (у прысутнасці ёду іх раствор набывае фіялетавы колер), потым эрытрадэкстрыны (утвараюць чырвона-буры колер з ёдам), затым ахраадэкстрыны (не афарбоўваюцца ёдам) і мальтадэкстрыны (не афарбоўваюцца і не выпадаюць у асадак пры дабаўленні спірту). Засвойваюцца арганізмам лепш, чым крухмал і глікаген. Д. з крухмалу — клеільныя рэчывы.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гіялураніда́за

[ад гр. hyalos = шкло + uron = мача + (дыяст)азы]

фермент, які каталізуе гідроліз гіялуронавай кіслаты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)