«ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ» («Свод законов Российской империи»). Выд. ў 1832. Падрыхтаваны пад кіраўніцтвам М.М.Спяранскага ў сувязі з кадыфікацыяй права на падставе «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі». Ухвалены Дзяржсаветам 31.1.1833, уведзены ў дзеянне з 13.1.1835. Складаецца з 16 тамоў. У т. 1 змешчаны гал. законы імперыі, якія акрэслівалі прэрагатывы вышэйшых дзярж. устаноў, т. 2 — правілы губернскіх (мясцовых) устаноў, т. 3 — статуты грамадзянскай службы, т. 4 — акты аб павіннасцях, т. 5 — аб падатках, пошлінах, т. 6 — аб мытнях, т. 7 — аб манеце, горнай справе, солі, т. 8 — аб лясах, арэндзе і аброку, т. 9 — аб саслоўях, т. 10 — аб сям’і і межаванні, т. 11 — аб крэдыце, т. 12 — аб шляхах зносін, т. 13 — аб сацыяльным даглядзе, т. 14 — аб пашпартах, уцёках, т. 15 — законы крымінальныя (аб пакараннях), т. 16 (выд. ў 1892) — аб судовых установах. Штогод да 1859 выдаваўся працяг, пазней наз. «Зводны працяг». Збор — адзіная крыніца права да кастр. 1917.

Я.К.Анішчанка.

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА 1864 у Расіі, «Палажэнне аб губернскіх і павятовых земскіх установах 1 студзеня 1864»,

рэформа, выкліканая неабходнасцю дастасаваць самадзярж. лад да патрэб капіталіст. развіцця; састаўная ч. рэформ 1860—70-х г. Праведзена ў 34 губернях еўрап. Расіі і Вобласці Войска Данскога. Рэформа не пашыралася на нац. ўскраіны, у т.л. на Беларусь. Палажэннем 1890 дзейнасць земстваў абмежавана. 15.4.1903 уведзена «Палажэнне аб кіраванні земскай гаспадаркай у губернях Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай». Паводле гэтага палажэння ствараліся губ. і пав. к-ты па справах земскай гаспадаркі. 27.З.1911 прынята «Палажэнне аб земскіх установах». На Беларусі яно пашырана толькі на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губ. (з 35 бел. паветаў земствы ўведзены ў 25). У аснову выбарчай сістэмы пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы, якія забяспечвалі перавагу памешчыкам і чыноўнікам. Паводле палажэння 1911 ствараліся губ. і пав. земскія сходы і земскія ўправы, якія займаліся мясц. гасп. справамі.

Літ.:

Гл. пры арт. Земствы.

С.П.Самуэль.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНІ́ЦА,

медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння хворых. Бываюць шматпрофільныя (аказваюць дапамогу па 5—10 і болей профільных кірунках) і спецыялізаваныя (анкалагічныя, туберкулёзныя, кардыялагічныя, псіхіятрычныя, інфекцыйныя), дзіцячыя, шпіталі для інвалідаў і інш. Цэнтры спецыялізаванай бальнічнай дапамогі могуць утварацца на базе буйных шматпрофільных бальніц, аб’яднаных з паліклінікай (на Беларусі паліклініка — абавязковая структурная частка рэсп., абл. і цэнтр. раённых бальніц) і неаб’яднаныя (самастойныя ці з функцыян. прымацаваннем паліклінікі да яе). Да ўстаноў бальнічнага тыпу належаць дыспансеры, радзільныя дамы, клінікі, бальніцы аднаўленчага лячэння, хуткая дапамога і інш. мед. ўстановы, у якіх ёсць умовы (ложкавы фонд і кваліфікаваны мед. персанал) для дапамогі і стацыянарнага лячэння хворых.

У зах. краінах існуюць і дзейнічаюць пераважна прыватна-прадпрымальніцкія (камерцыйныя) бальніцы пры наяўнасці больш танных або бясплатных муніцыпальных, а таксама бальніцы, якія належаць рэлігійным, філантрапічным і інш. арг-цыям. На Беларусі бальніцы захоўваюць статут агульнадаступных дзярж. лячэбна-прафілакт. устаноў з бясплатнай формай мед. абслугоўвання. Паказаннямі для накіравання або звароту хворых у бальніцу з’яўляюцца цяжкія і вострыя формы захворванняў, пры якіх патрэбна экстранная ці працяглая кваліфікаваная мед. дапамога з комплексным падыходам да абследавання, дыягностыкі і лячэння, з выкарыстаннем складанай мед. тэхнікі, пастаянным назіраннем урача і доглядам, хірург. умяшаннем (пры неабходнасці). Гал. прынцып дзейнасці бальніцы — этапнасць лячэння хворых, заснаваная на дыферэнцыраваным па інтэнсіўнасці лячэння і догляду комплексным лячэбна-дыягнастычным працэсе. Адпаведна ў бальніцах ствараюцца кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, службы анестэзіялогіі і рэанімацыі, аддзяленні профільныя, рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі, далечвання і рэабілітацыі. Стацыянарнае лячэнне дзяцей праводзіцца ў дзіцячых бальніцах або на базе дзіцячых аддзяленняў (ложкаў) інш. бальнічных устаноў. Клінічныя бальніцы служаць базамі для навучання і падрыхтоўкі мед. кадраў, правядзення навук. даследаванняў.

Першыя бальніцы (шпіталі) на тэр. Беларусі ўзніклі ў 15—16 ст. У пач. 19 ст. ў губернскіх і павятовых гарадах Беларусі арганізоўваліся бальніцы прыказаў грамадскай апекі (Мінск, 1799; Магілёў, 1802; Гродна і Віцебск, 1804), невял. турэмныя, фабрычныя, прыватныя, філантрапічныя бальніцы. Характарыстыку развіцця сучаснай бальнічнай сеткі ў Беларусі гл. ў табл. 1, 2, а таксама ў арт. Ахова здароўя, Медыцына.

Э.А.Вальчук.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ТА,

друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт. эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г. афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц. царк. «Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).

У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.

У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл. «Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл. «Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл. «Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл. «Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл. «Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс. экз.

У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл. Заходнебеларускі друк).

У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл. Друк акупацыйны ў гады Вял. Айч. вайны).

Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл. «Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн. экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.

Літ.:

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. / Склад. В.С.Адамовіч. Мн., 1975;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

С.В.Говін.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)