горад, цэнтр Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р.Грыўда. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Баранавічы. За 135 км ад Брэста. 19,7 тыс.ж. (1998).
Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1519. Належалі Юндзілам. З 1654 вядомы як маёнтак. З 2-й пал. 16 ст. ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. Пасля пракладкі чыг. Масква—Брэст (1871) побач з маёнткам узнікла пасяленне. У канцы 19 ст. ў ім былі вінакурня і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын. У 1915—18 акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі У ліп.—жн. 1920 існавала сав. ўлада. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка ў Косаўскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Косаўскім р-не. З 20.9.1947 гар. пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага р-на. У 1959—5,2 тыс.ж. У 1962—65 у Бярозаўскім р-не. З 28.5.1966 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, прыладабудаўнічы з-д, ільнозавод. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАЦЭ́ВІЦКІ РАЁН,
на Пн Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 3 тыс.км2. Нас. 66,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 40,8%. Сярэдняя шчыльнасць 22 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г.Івацэвічы; г.Косава і г.п.Целяханы, 111 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Аброўскі, Амяльнянскі, Быценскі, Волькаўскі, Выганашчанскі, Дабромысленскі, Даманаўскі, Жытлінскі, Квасевіцкі, Козіцкі. Косаўскі, Любішчыцкі, Мілейкаўскі, Падстарынскі, Рэчкаўскі, Святавольскі, Стайкаўскі, Яглевіцкі.
Паўночная ч. раёна размешчана на схілах Слонімскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніне, паўднёвая — у Прыпяцкім Палессі. Паверхня плоскаўзгорыстая на Пн і нізінная на Пд, 95% тэр. на выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 203 м (каля в. Мілейкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, мел, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. На ПнУ працякае р. Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда (з прытокам Бусяж), на ПдЗ — р. Жыгулянка, на ПдУ — вярхоўі р. Вісліца. Азёры: Выганашчанскае, Бабровіцкае. Вулькаўскае і Сомінскае; вадасховішчы: Даманаўскае, Аброва, Чамялынскае, Гошча. Буйнейшыя асушальныя каналы: Агінскі, Аброўскі, Восьмы, Дняпроўска-Нёманскі, Рудня. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (43,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%) і дзярнова падзолістыя (17,6%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 7,8% тэр., найб. Сухое, Заялоўе. Заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Выганашчанскае, біялагічны Спораўскі; заказнікі мясц. значэння: эксперым лесапаляўнічая гаспадарка Целяханская нац. парку Белавежская пушча, Грыўда-Уроч, Вял. Ямінец. Помнікі прыроды: парк Грудопаль (в. Дабромысль), Чыстая Дуброва (в. Кушняры), насаджэнне карэльскай бярозы ва ўрочышчы Церабеж.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 124,2 тыс.га, з іх асушаных 50,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, саўгас, доследная база «Майск». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, ільноапрацоўчай, харч., тарфяной і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і шаша Мінск—Брэст, аўтадарогі на Пінск, Ружаны, Слонім, Бярозу; магістральныя газаправоды, у т.л. Таржок—Івацэвічы. У раёне 30 сярэдніх, 12 базавых, 8 пач., 6 муз. школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 38 дашкольных устаноў, 51 клуб, 52 б-кі, 5 бальніц, 6 амбулаторый, 39 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: цэрквы Міхайлаўская (1860) у в. Аброва; Юр’еўская (1790) у в. Альба; Успенская (1779) у в. Бусяж; Успенская (2-я пал. 17 ст.) і касцёл (канец 19 ст.) у в. Быцень; Ільінская (2-я пал. 18 ст.) са званіцай (1885) у в. Бялавічы; царква (19 ст.) у в. Вулька-Аброўская; Прачысценская (1925) у в. Глінная; Крыжаўзвіжанская (1838) у в. Гошчава; Мікалаеўская (1874) у в. Дабромысль; Юр’еўская (пач. 20 ст.) у в. Едчыкі; Ганны (1845) у в. Любішчыцы; царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Міронім; паштовая станцыя (1840) у в. Няхачава. Вылаецца газ. «Івацэвіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс.км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.