ніжэ́й,

1. Выш. ст. да прысл. нізка ​2.

2. прысл. Далей (пры спасылцы на наступнае месца тэксту).

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «ніжэй» выражае прасторавыя і колькасныя адносіны: а) уніз ад якой‑н. прасторавай мяжы. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Колас; б) па цячэнню ракі ўніз ад якога‑н. месца. Рэчка ніжэй завадзі пашыраецца і цячэ неглыбокай бліскучай стужкай. Аляхновіч; в) менш за якую‑н. колькасць, у напрамку памяншэння па лічбаваму раду. Тэмпература ніжэй нуля. □ Ісці ніжэй трох долараў прадавец яўна не хацеў. В. Вольскі.

•••

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэквізі́т, ‑у, М ‑зіце, м.

1. Розныя рэчы, неабходныя для пастаноўкі спектакляў ці здымкі кінафільмаў. Рыгор прычыніў вузкія дзверцы за кулісы і паглядзеў на груды складзеных дэкарацый і рэквізіту. Гартны.

2. Неабходны элемент у афармленні дакумента (месца, дата выдачы, подпісы), без чаго дакумент лічыцца несапраўдным.

[Ад лац. requisitum — неабходнае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бульдо́зер, ‑а, м.

Трактар, абсталяваны навясным пярэднім адвалам для перамяшчэння, разраўноўвання грунту. Бульдозеры ссоўвалі з узгоркаў на насціл вялізныя груды пяску і раўнялі яго, а аўтамашыны падвозілі з гарэлага балота тарфяны попел і сыпалі паверх пяску. Новікаў. Паабапал грэблі, ля прарытых капаў, чарнелі нассованыя бульдозерам гурбы торфу. Пташнікаў.

[Англ. bulldozer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРУД у лясной тыпалогіі, характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

руды́, ‑ая, ‑ое.

Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.

•••

Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папялі́шча, ‑а, н.

1. Месца, дзе быў пажар; пажарышча. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. Антось стаяў на папялішчы свайго гнязда і думаў, што вайна адабрала ад яго і сям’ю, і родны дом. Чарнышэвіч.

2. перан. Родны дом, ачаг. На чацвёрты [дзень] прыйшло доўгачаканае вызваленне, .. [людзі] вярнуліся на родныя папялішчы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўкру́г, ‑а, м.

1. Палавіна круга. Чырвоны паўкруг сонца ўзнімаўся дзесьці там далёка-далёка, дзе відаць самы край небасхілу. Кавалёў.

2. Паўзамкнутая дугападобная лінія; тое, што мае форму такой лініі, размешчана па такой лініі; паўкола. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Колас. Калі левая гусеніца апісала паўкруг, Дзмітрый мімаволі прыціснуўся да спінкі сядзення. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́лішча, ‑а, н.

Разм. Зямельны ўчастак, заняты будынкамі, садамі. Усе былі рады, што вярнуліся на сваё селішча, да пакінутых амаль тры гады таму назад хат. Пестрак. // Месца, дзе раней было якое‑н. пасяленне. А адтуль — каб масквічкі ўжо ўсё ведалі — падалася [цётка Макрына] з імі па шляху, за зялёную пад лубінам гару, паказаць, дзе было дзедава селішча. Ракітны. [Бацька] убачыў на сваім селішчы толькі груды абгарэлага, задымленага камення ды, глеючыя галавешкі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́чча, ‑а, н., зб.

1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.

2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бля́ха, ‑і, ДМ блясе, ж.

1. Тонкае ліставое жалеза; ліст такога жалеза. Дом пад бляхай. Ацынкаваная бляха.

2. Знак у выглядзе металічнай пласцінкі з надпісам або нумарам, які сведчыць аб службовых абавязках таго, хто яго носіць. Погляд Валодзі слізгануў уніз і ўпёрся ў вялікую бляху, якая блішчала на грудзях чалавека, што трымаў яго. Пятніцкі.

3. Тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі, на якім пякуць або смажаць што‑н. Разам з.. [Саламонам] жылі накаленыя печы, мяшкі з мукою, груды цеста і рознага гатунку печыва на бляхах. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)