НАМАГРА́ФІЯ (ад грэч. nomos закон + ...графія),

раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады графічнага адлюстравання функцыянальнай залежнасці з дапамогай намаграм. Метады Н. дазваляюць кампактна і наглядна адлюстраваць на паперы шырокі клас залежнасцей з многімі пераменнымі.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯГРА́ФІЯ (ад кардыя... + ...графія),

метады графічнай рэгістрацыі сардэчнай дзейнасці, якія дапамагаюць удакладніць дыягназ хвароб. Аб’ядноўвае шэраг методык даследавання сэрца. У клінічнай практыцы найчасцей выкарыстоўваюць электракардыяграфію, эхакардыяграфію, фонакардыяграфію і рэакардыяграфію. Робяць К. спец. электроннымі прыборамі — кардыёграфамі.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯНАГРА́ФІЯ (ад акіян + ...графія),

1) тое, што акіяналогія.

2) Раздзел акіяналогіі, навука, якая вывучае фіз.-хім. ўласцівасці акіянскіх водаў, заканамернасці фіз. і хім. працэсаў, з’яў у Сусветным акіяне, прыродныя ўмовы канкрэтных акіянаў, мораў або іх раёнаў.

т. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛАГРА́ФІЯ [грэч. myelos (касцявы) мозг + ...графія],

метад рэнтгенаграфіі спіннога мозга пасля ўвядзення кантрастнага рэчыва ў падпавуцінную прастору. Ужываецца пры запаленчых працэсах абалонак спіннога мозга, пухлінах спіннога мозга ці яго абалонак і інш. Дае магчымасць вызначыць характар паталаг. працэсу, яго ўзровень і працягласць.

У.​І.​Грынюк.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + ...графія),

1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.

2) Жыццё чалавека.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕАГРА́ФІЯ (ад лац. oleum алей + ...графія),

спосаб рэпрадуктавання твораў алейнага жывапісу, пашыраны ў 2-й пал. 19 ст. З’яўлялася рамесніцкай каляровай літаграфіяй на камянях (да 20 ст., у залежнасці ад колькасці фарбаў). Каб атрымаць больш поўнае падабенства, на гатовы адбітак наносяць лак і робяць на ім цісненне, якое імітуе фактуру палатна.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...графія),

метад рэнтгеналагічнага даследавання чэрапа ў розных праекцыях. Пры К. робяць аглядныя (бакавыя, пярэдне-заднія, заднія, аксіяльныя, паўаксіяльныя) і прыцэльныя (для ўдакладнення стану асобных участкаў чэрапа — насавых, скулавых касцей, соскападобных адросткаў, сківіцы і інш.) здымкі, выяўляюць інтрацэрэбральныя кальцынаты пры таксаплазмозе, цыстыцэркозе, абвапнаванні ў пухлінах галаўнога мозга.

Л.​Л.​Аўдзей.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. ampelos вінаград + ...графія),

навука, якая вывучае віды і сарты вінаграду. Складаецца з ампелаграфіі агульнай, што вывучае сістэматыку, паходжанне, пашырэнне і зменлівасць відаў і сартоў, методыку даследаванняў, і ампелаграфію спецыяльную, якая ўключае бат. апісанне сартоў, іх біял. і с.-г. характарыстыкі, уласцівасці і раянаванне. Ампелаграфічная калекцыя створана ў Крыме (да 1000 сартоў). Ампелаграфічная праца вядзецца амаль ва ўсіх вінаградна-вінаробных краінах.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАТАГРА́ФІЯ (ад лац. palatum паднябенне + ...графія),

адзін з метадаў эксперым. фанетыкі, з дапамогай якога вызначаецца месца сутыкнення языка з паднябеннем пры гукаўтварэнні. Адрозніваюць П. статычную і дынамічную. Здымкі, або артыкуляцыйныя карты, з адлюстраваннем розных органаў маўлення ў час вымаўлення гукаў пэўнай мовы падзяляюць на палатаграмы (паднябенне), лабіяграмы (губы), лінгваграмы (язык), рэнтгенаграмы (маўленчы апарат цалкам).

Літ.:

Барышнікава К.К., Падлужны А.І. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні ў Беларусі // Бел. лінгвістыка. 1974. Вып. 5.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)