персо́на персо́на, -ны ж., асо́ба, -бы ж.;
◊
со́бственной персо́ной ула́снай пе́рсонай (асо́бай);
персо́на гра́та персо́на гра́та;
персо́на нон гра́та персо́на нон гра́та.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
persona non grata [pɜ:ˌsəʊnənɒnˈgrɑ:tə] n. персо́на нон гра́та
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
АГРЭМА́Н (франц. agrement),
папярэдняя згода ўрада адной краіны на прызначэнне пэўнай асобы ў якасці кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва другой краіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961 без агрэману такое прызначэнне не можа адбыцца. Пасля атрымання агрэману асоба становіцца персонай грата. Прычыны адмовы ў агрэману тлумачыць не абавязкова.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
персо́на, ‑ы, ж.
1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.
2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.
•••
Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.
Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.
Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.
[Лац. persona.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,
замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМ БССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААН з прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш. міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.
Літ.:
Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 12, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСТВА,
пастаяннае дыпламат. прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш. Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасад і г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.
І.М.Таніева.
т. 12, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)