ГЕРМА́НЦЫ старажытныя, вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл.Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,
масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр.Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).
Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх.ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр.рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс.чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.
Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).
Літ.:
Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;
Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НГРЫЯ (Magyarország),
Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс.км², нас. 10 324 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).
Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-ра ліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.
Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав.Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана І Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л.Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв.нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг.вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл І) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг.Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг.Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту 2/3тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл.Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг.нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс.сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).
Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг.Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг.ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав.КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав.вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг.паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л.эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг.сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг.дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл.ААН(з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг.сацыяліст. партыя, Венг.дэмакр. форум, Венг.сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр.нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.
Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн.чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн.т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн.т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн.т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд.м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт·гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч.прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн.т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сцьмінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр.прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн.т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн.м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс.т.
У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля 2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс.гас.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн.т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.
Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс.км, у т. л. 29,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд.дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд.дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс.чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс.чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп.авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс.чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн.навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч.г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч.г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед.ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам.ін-т (з 1948), тэхн.ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж.б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг.АН, гар.б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Венг.АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).
Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг.л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг.літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).
Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг.нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей
Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес. т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг. т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг. т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац. т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар. т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.
Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.
Літ.:
История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;
Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;
Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;
Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;
Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне І). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр. М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.; М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДО́ВА (Moldova),
Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на 3 з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс.км2. Нас. 4,3 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г.Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.
Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв.Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На ПдПаўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс.чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.
Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г.Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э. тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст. тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т.л. ў 9—12 ст.улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл.Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст.Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст.паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст.Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т.л. пад кіраўніцгвам гаспадароў І.Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст. тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.—сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.В.Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд.Аўт.Сацыяліст.Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.
2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец.герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс.чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр.нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.
23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т.л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр.нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр.Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас.Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр.нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн.дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс.т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс.шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс.т, пракату 646 тыс. т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд.кВтгадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн.м², трыкатажу — 2,6 млн.шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн.га, у т.л. ворныя землі 1,8 млн.га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн.га. Каля 0,3 млн.га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс.га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс. т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс.км, аўтадарог 10,5 тыс.км, у т.л. 10,1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн.дол., імпарту 1171,9 млн.дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн.гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.
Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс.чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл.агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч.г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т.л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т.л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т.л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т.л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т.л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж.ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед.ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-каНац.АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІНац.АНМ., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.
Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб.стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст.афіц.дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж.малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.Міло, К.Канакі, І.Кантакузіна, М.Дымакі), сатыра (Д.Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац.перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст.л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.Доніча, А.Русы, В.Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.Негруцы, А.Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.Барскага, І.Каны, М.Маркава, Мілева, паэзія М.Андрыеску, Л.Карняну, К.Кашэрэў, Т.Малая, драматургія П.Карнеліу, С.Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.Ветраў, П.Дарыенка, Л.Дэляну, Б.Істру, М.Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял.Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.Балцан, Л.Даміян, П.Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.Ліпкан, С.Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.Бешлягэ, А.Шалар, І.Чабану, Барскі, Г.Геаргіу, А.Бусуёк, В.Малева, Я.Куткавецкі, Р.Лунгу, А.Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.Лупан, Г.Маларчук, Марынат, Р.Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.Чыбатару, П.Боцу, Г.Водэ, І.Ватаману, Э.Лацяну, Даміян, В.Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.Вангелі, Віеру, Г.Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.Чыбатару, Х.Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.
Бел.-малд.літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т.л. раман І.Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.Маўра «ТВТ...» (1961), В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд.перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т.л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.Чакану, Даміяна, А.Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.Керарэ, Тэлеукэ і інш.Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Т.Бондар, Я.Брыль, Г.Бураўкін, А.Вольскі, М.Гіль, А.Грачанікаў, Х.Жычка, С.Законнікаў, А.Звонак, У.Казбярук, М.Калачынскі, У.Камейша, У.Карызна, К.Кірэенка, А.Клышка, Я.Лецка, А.Лойка, М.Маляўка, А.Марціновіч, С.Панізнік, У.Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, М.Чарняўскі, А.Шарахоўская, У.Шахавец, В.Шымук, Я.Янішчыц, Р.Яўсееў і інш.
Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр.ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх·і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс.н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус.маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп.маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.Акушка, Я.Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.Пламадзяла, жывапісцы М.Гамбурд, А.Бальер, графік Ш.Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.Дубіноўскі, Гамбурд, Б.Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.Канашын, І.Кітман, Б.Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.Віеру, М.Грэку, І.Жумація, В.Зазерскай, С.Кучука, В.Русу-Чабану, І.Сцяпанава, партрэты работы А.Зевінай, К.Кітайкі, Г.Саінчука, пейзажы А.Васільева, М.Петрыка. Э.Раманеску; у графіцы — І.Багдэска, Л.Грыгарашанкі, Э.Кілдэску, А.Калыбняка, І.Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.Булгакаў, К.Ладзейскі, А.Матэр, А.Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.Врынчану, Э.Грэку, С.Чокалаў, М.Рэчылэ, Ф.Нутовіч, Л.Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.
Музыка. У аснове малд.нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб.стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар.муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.Лэўтару, Я.Пержа, К.Марын, Г.Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст.кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас.муз.т-ва на чале з У.Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.Ружыцкага, К.Мікулі, Г.Музічэску, Т.Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд.муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.Тойбер-Асака, А.Флехтэнмахер, Ч.Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.Булычаў, І.Бейн, хормайстар М.Беразоўскі, кампазітары М.Быркэ, С.Златаў, Я.Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.Гураў, С.Лобель, В.Палякоў (сімфоніі) і інш.
У 1957 адкрыты Малд.т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.Лазарава («Дракон», 1976), Г.Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.Рывіліс, Ф.Кірыяк, І.Макавей, Г.Няга, В.Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.Алёшына, М.Біешу, Л.Ерафеева, М.Мунцян, Т.Чэбан, дырыжоры Ц.Гуртавой, С.Лункевіч, хар. дырыжор В.Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд.т-р оперы і балета, Малд.муз.-драм.т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд.нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар.т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд.т-ра Г.Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.Геснера і Ж.Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац.тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.Александры, М.Кагэлнічану, К.Негруцы, Б.П.Хашдэў, К.Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд.драм.т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.Адашава і Н.Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд.драм.т-р (з 1939 Малд.муз.-драм.т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд.т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.Лупана, Л.Дэляну, Л.Карняну, Р.Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус.т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.Падаляну, «Міндора» А.Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Маскарад» М.Лермантава, «Рэвізор» М.Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.Брэхта і інш.Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.Купча, І.Шкура, акцёры Д.Дарыенка, Н.Масальская, Я.Урэке, К.Штырбу, М.Апосталаў, П.Баракчы, В.Герлак, Т.Грузін, К.Казімірава, К.Канстанцінаў, А.Плацында, Ю.Сакалоў, Л.Шутава, К.Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т.л. К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона, Дз.Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.
Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд.маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.Іовіцэ і В.Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш.Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «I прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.Грыгорыу, М.Сагайдак, С.Тома, І.Унгурану, І.Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.
Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс.чал., але сваіх нац.культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.
Літ.:
Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;
Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;
Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;
Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;
Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;
Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг.М., 1994;
Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;
Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;
Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;
Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;
Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;
Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;
Музыкальная культура Советской Моддавии: Сб. ст.М., 1965;
История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;
Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;
Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;
Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;
Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя), Г.В.Ратнікаў (кіно), Т.А.Папоўская (беларусы ў Малдове).
Герб і сцяг Малдовы.Да арт.Малдова. Малдаўская вёска.Да арт.Малдова. У каньячным цэху.Да арт.Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.М.Пламадзяла. 1925.Да арт.Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.Да арт.Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.Да арт.Малдова Малдаўскі тэатр оперы і балета.Да арт.Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.Да арт.Малдова. М.Грэку. Восеньскі дзень. 1964.Да арт.Малдова. Э.Раманеску. Родны край. 1968.Да арт.Малдова. М.Петрык. Вінаградная чаша. 1974.Да арт.Малдова. Дыван. Канец 19 ст.Да арт.Малдова. Ф.Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.Да арт.Малдова. М.Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.Да арт.Малдова. І.Віеру. Збор ураджаю. 1972.