вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гле́бавы Bóden-; Grand-;
гле́бавы слой Bódenschicht f -, -en, Áckerkrume f -;
гле́бавыя во́ды Grúndwasser n -s
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,
сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.
Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл.Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],
асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эдафі́чны
(ад гр. edaphos = глеба);
э-ыя фактары — глебавыя ўмовы, якія ўплываюць на жыццё і пашырэнне жывёл.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПАЛЮТА́НТЫ,
рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
частка глебава-біякліматычнага пояса, глебавай зоны або падзоны са спецыфічнымі асаблівасцямі глеб і ўмоў глебаўтварэння, звязанымі з увільгатненнем і тэмпературным рэжымам. Займаюць тэрыторыі, межы якіх праходзяць у шыротным напрамку. Падзяляюцца на глебава-кліматычныя акругі. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучаны Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая глебавыя правінцыі, якія адрозніваюцца глебавым покрывам, геамарфалагічнай будовай, тэмпературным рэжымам. Гл.Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕў біялогіі,
сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ АРАШЭ́ННЯ,
зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для дадатковай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам фільтрацыі праз глебавыя гарызонты і адначасова для арашэння с.-г. раслін. Ствараюць у комплексе з ачышчальнымі збудаваннямі пераважна на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах і грунтах. На П.а. размяшчаюць звычайна кармавыя культуры: шматгадовыя травы, караняплоды і інш. Арашэнне праводзіцца камунальнымі, вытв. (ад прамысл. і с.-г. прадпрыемстваў), мяшанымі сцёкавымі водамі, якія адпавядаюць аграмеліярац. і сан. патрабаванням і прайшлі папярэднюю мех., хім. ці біял. ачыстку.