ПАДБО́Р у жывёлагадоўлі,

састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г. жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гамаге́нны

(гр. homogenes = аднародны)

аднародны па саставу, уласцівасцях, паходжанню, напр. г. слой вады (проціл. гетэрагенны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАКРАКІНЕ́ТЫКА (ад макра... + кінетыка), макраскапічная кінетыка,

раздзел кінетыкі хімічнай, які вывучае хім. пераўтварэнні ў іх сувязі з пераносу з’явамі. Вызначае ролю дыфузіі, канвекцыі і цеплаперадачы ў хім. працэсах на мяжы падзелу фаз (электрахім. рэакцыі, гетэрагенны каталіз, хемасорбцыя і інш.). Заканамернасці М. з’яўляюцца колькаснай асновай пры праектаванні рэактараў хімічных, адыгрываюць важную ролю ў працэсах гарэння.

У М. хім. працэс разглядаецца, як сукупнасць з’яў пераносу і хім. пераўтварэнняў. Рэжым хім. працэсу наз. кінетычным, калі яго скорасць вызначаецца законамі хім. кінетыкі, і дыфузійным, калі стадыяй, якая лімітуе скорасць працэсу, з’яўляецца дыфузія рэагентаў. Для колькаснай ацэнкі дыфузійнага рэжыму карыстаюцца фактарам эфектыўнасці η (0<η<1), які вызначаюць як адносіны назіраемай скорасці працэсу да сапраўднай скорасці хім. рэакцыі ў дадзеных умовах. Макракінетычныя заканамернасці вызначаюць метадамі нераўнаважнай тэрмадынамікі, фіз.-хім. гідра- і газадынамікі.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛЬНАЕЎРААЗІЯ́ЦКАЯ ПЛАТФО́РМА,

найбольш буйная маладая платформа ў цэнтры Еўразіі, паміж Усходне-Еўрапейскай платформай і Сібірскай платформай. Пл. 6,5 млн. км². На Пд мяжуе з Альпійскай складкавай вобласцю. Фундамент гетэрагенны, складзены з каледонскіх, герцынскіх, радзей байкальскіх і кімерыйскіх складкавых збудаванняў, сярод якіх блокі (мікракантыненты) архею і ніжняга пратэразою. Фундамент выходзіць на паверхню ў межах Цэнтральнаказахстанскага шчыта, Уральскага хрыбта, кражаў — Вял. Каратау, Султануіздаг, Данецкі і інш. Гал. плошчу платформы займаюць пліты: Зах.-Сібірская, Туранская, Скіфская (гл. адпаведныя артыкулы) і Мізійская. Яны складзены з платформавага чахла, які пачынаецца з верхнетрыясавых, часцей юрскіх адкладаў. На больш стараж. блоках фундамента пашыраны венд-палеазойскі прамежкавы чахол.

Сярод тэктанічных элементаў вылучаюцца сінеклізы (Ханты-Мансійская, Чуйская), упадзіны (Омская, Барсакельмеская), прагіны (Худасейскі, Чалкарскі), скляпенні (Ніжнявартаўскае, Цэнтральнакаракумскае), зоны мегантыкліналей і мегасінкліналей (Мангышлакская, Ейска-Беразанская), мульды, падняцці, зоны ступеней, седлавіны, монакліналі, саляныя структуры і інш. У ніжняй ч. платформавага чахла развіты трыяс-юрскія грабены — тафрагены (Калтагорскі, Урэнгойскі, Чэлябінскі). З плітамі звязаны буйныя радовішчы нафты і газу, са шчытамі, хрыбтамі, кражамі — разнастайныя радовішчы метал. руд.

Літ.:

Гарецкий Р.Г. Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́ЛІЗ (ад грэч. katalysis разбурэнне),

змяненне скорасці хім. рэакцыі ці яе ўзбуджэнне пад уздзеяннем рэчываў (каталізатараў), якія прымаюць удзел у рэакцыі, але не ўваходзяць у састаў яе прадуктаў. У залежнасці ад таго, паскараецца ці запавольваецца рэакцыя, адрозніваюць К. дадатны і адмоўны. Звычайна тэрмін «К.» адносяць да працэсу паскарэння рэакцыі. Рэчывы, што запавольваюць хім. рэакцыю, наз. інгібітарамі хімічнымі. Паскарэнне рэакцыі пад уздзеяннем прадукту рэакцыі ці аднаго з прамежкавых рэчываў наз. аўтакаталізам. Усе каталітычныя рэакцыі — самаадвольныя працэсы (суправаджаюцца памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы).

Адрозніваюць гамагенны К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў адной фазе) і гетэрагенны (кантактавы) К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў розных фазах і маюць мяжу падзелу). Пры гамагенным К. каталізатар рэгенерыруецца ў канцы рэакцыі, а скорасць гамагенна-каталітычнай рэакцыі звычайна прапарцыянальная канцэнтрацыі каталізатара. Гетэрагенна-каталітычныя рэакцыі адбываюцца ў некалькі стадый: дыфузія кампанентаў да паверхні каталізатара, адсорбцыя і хім. пераўтварэнні на паверхні, дэсорбцыя і адваротная дыфузія прадуктаў рэакцыі, кожная з якіх можа лімітаваць скорасць каталітычнага працэсу. Паводле механізму каталітычныя працэсы падзяляюцца на электронныя (радыкальныя), абумоўленыя пераносам электронаў (акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі; напр., гідрагенізацыя) і іонныя (кіслотна-асноўныя; напр., крэкінг). Выкарыстоўваюць у хім. прам-сці (адносная доля каталітычных працэсаў складае 80—90%). Адыгрывае выключную ролю ў жывых арганізмах (гл. Біякаталіз).

Літ.:

Гейтс Б., Кетцир Дж., Шуйт Г. Химия каталитических процессов: Пер. с англ. М., 1981;

Боресков Г.К. Катализ: Вопр. теории и практики. Новосибирск, 1987.

У.​С.​Камароў.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)